У Маладзечанскім раёне грыбнік сустрэў мядзведзя
- 11.07.2026, 16:38
Звяр стаяў усяго ў 10 метрах ад мужчыны.
Апошнім часам усё часцей з’яўляюцца навіны пра тое, што шляхі беларусаў і мядзведзяў перасякаюцца. Нядаўна касалапых бачылі ў Мінскім раёне, у горадзе Глыбокае і нават паблізу сталіцы. Актыўна абмяркоўваюць нечаканую сустрэчу бурога мядзведзя і грыбніка і ў гарадскім пасёлку Радашковічы Маладзечанскага раёна. Пра тое, як гэта было і чым скончылася, паведамляе выданне Kraj.by.
Пра здарэнне журналіст выдання даведаўся ад жанчыны, якая гандлявала на пляцоўцы, дзе мясцовыя прадаюць дары лесу і ўраджай са сваіх дзялянак.
— Мужчына распавядаў сёння (маецца на ўвазе 10 ліпеня). Пайшоў па лісачак. Кажа: «Шукаю грыбы, чую — нехта на мяне глядзіць. Азіраюся — мядзведзь стаіць у дзесяці–пятнаццаці метрах і глядзіць проста на мяне», — падзялілася падрабязнасцямі пенсіянерка, якая прадавала лясныя дары.
Паводле слоў жанчыны, грыбнік стаў павольна адступаць ад звера, не паварочваючыся да яго спінай.
— Кажа, вельмі страшна было, — дадала пенсіянерка.
Нагадаем, цяпер самы сезон ягад і грыбоў. Нямала людзей ходзяць у лес, і тут варта быць уважлівымі. Хоць сустрэча з мядзведзем — сітуацыя нячастая, спецыялісты растлумачылі, што рабіць, калі гэта здарылася.
Галоўнае — не панікаваць. Касалапік — мірны звер, але можа праявіць агрэсію, калі ўспрыме нешта ў паводзінах чалавека як пагрозу. Сутыкнуўшыся з жывёлай, важна паводзіць сябе спакойна, можна загаварыць — часам гэта дапамагае. Мядзведзь цікаўны, ён можа захацець вывучыць невядомае стварэнне. Калі не заўважыць для сябе нічога падазронага, то сыдзе.
Уцякаць ад мядзведзя — дрэнная ідэя, ён бяжыць хутчэй. Адступаць ад яго трэба патроху, без рэзкіх рухаў, не паварочвацца да яго спінай. Некаторыя паляўнічыя раяць не рэзка, па магчымасці павольна кінуць на зямлю, напрыклад, заплечнік, асабліва калі ёсць пах ежы, або нават куртку: мядзведзь пачне абнюхваць і вывучаць прадмет. Гэта адцягне яго на нейкі час.
Калі ў яго на спіне ўздыбілася шэрсць і ён дрыжыць, гэта прыкмета хуткай атакі; лепш залезці на дрэва, у крайнім выпадку прыкідвацца мёртвым — легчы на жывот і застыць.