BE RU EN

Памёр 25-гадовы футбаліст зборнай ПАР Джэйдэн Адамс

  • 12.07.2026, 3:22

Нядаўна ён выступаў на чэмпіянаце свету — 2026.

Паўабаронца зборнай ПАР і клуба «Мамелодзі Сандаўнз» Джэйдэн Адамс памёр ва ўзросце 25 гадоў. Прычыны смерці не называюцца, піша The Guardian. Некаторыя інтэрнэт-крыніцы дапускаюць самагубства.

Пра смерць футбаліста паведаміў прафсаюз футбалістаў Паўднёвай Афрыкі (SAFPU). Гэты факт пацвердзіў былы клуб футбаліста «Стэленбос».

— Паўднёваафрыканскі футбол страціў аднаго са сваіх самых яркіх маладых талентаў, і наша краіна смуткуе разам з яго сям’ёй, таварышамі па камандзе і мільёнамі заўзятараў, якія назіралі за яго ростам ад шматабяцальнага выхаванца акадэміі да гульца асноўнага складу зборнай ПАР, — гаворыцца ў заяве міністра спорту ПАР Гэйтана Маккензі.

Міністр не раскрыў прычыну смерці. Паліцыя паведаміла, што пачала расследаванне пасля таго, як у суботу раніцай у доме ў Шотшэ-Клоофе, прыгарадзе ў цэнтры Кейптаўна, было выяўлена цела 25-гадовага мужчыны. «Абставіны гэтага інцыдэнту расследуюцца», — заявіў агенцтву AFP прадстаўнік паліцыі.

Заяву таксама апублікаваў прафсаюз:

— SAFPU шакаваны заўчаснай смерцю паўабаронцы «Мамелодзі Сандаўнз» і зборнай ПАР Джэйдэна Адамса. Джэйдэн зусім нядаўна прадстаўляў Паўднёвую Афрыку на чэмпіянаце свету — 2026, з гонарам, мужнасцю і годнасцю несучы надзеі краіны.

Яго смерць — непапраўная страта для яго сям’і, партнёраў па камандзе, клубаў, футбольнай супольнасці і ўсёй краіны.

Адамс удзельнічаў у чэмпіянаце свету — 2026 і выходзіў у стартавым складзе зборнай ПАР у трох матчах турніру. Паўднёваафрыканская каманда дабралася да 1/16 фіналу мундыялю, дзе на апошніх хвілінах з мінімальным лікам саступіла зборнай Канады.

Апошнія навіны