Гіганцкія азіяцкія багамолы праніклі ў Еўропу і знішчаюць мясцовых насякомых
- 12.07.2026, 6:54
Навукоўцы б’юць трывогу.
У Еўропе распаўсюджваюцца два віды буйных азіяцкіх багамолаў, якія ўжо афіцыйна прызнаныя пагрозай для мясцовых экасістэм. Пра гэта паведамляе ScienceDaily .
Даследаванне пад кіраўніцтвам Роберта Батістана з Музея археалогіі і прыродазнаўчых навук «G. Zannato» (горад Вічэнца, Італія) паказала, што гэтыя насякомыя жывуць у Еўропе прыблізна дзесяць гадоў, і іх папуляцыі рэзка выраслі за апошнія гады. У прыватнасці, яны распаўсюджваюцца ў паўднёвай Францыі і на поўначы Італіі. Навукоўцы звязваюць гэта перадусім са змяненнем клімату і урбанізацыяй, якія ствараюць спрыяльныя ўмовы для іх рассялення.
Паводле слоў Батістана, арэал распаўсюджання азіяцкіх багамолаў пастаянна павялічваецца. «Яны прасоўваюцца ўсё далей на поўнач дзякуючы змяненню клімату», — кажа навуковец.
Абодва віды — буйныя ўніверсальныя драпежнікі і надзвычай хутка размнажаюцца. Адзін яечны кокан у сярэднім дае каля 200 маладых асобін — амаль удвая больш, чым у мясцовага еўрапейскага багамола. Акрамя таго, маладыя насякомыя радзей ядуць адно аднаго, што яшчэ больш паскарае рост папуляцыі.
Як адзначаюць даследчыкі, інвазійныя багамолы ўяўляюць пагрозу не толькі для іншых багамолаў. Яны актыўна палююць на мясцовых насякомых, у прыватнасці на важных апыляльнікаў, такіх як мядоносныя пчолы, а таксама на дробных пазванковых — жаб і яшчарак. Асаблівую трывогу выклікае магчымы ўплыў на міжземнаморскія астравы, дзе жыве шмат эндэмічных відаў.
Цікава, што найбуйнейшымі пазванковымі драпежнікамі для саміх інвазійных багамолаў аказаліся хатнія каты — на іх долю прыпадае 45% зафіксаваных выпадкаў паспяховага палявання. У той жа час навукоўцы адзначаюць, што каты не адрозніваюць інвазійныя і мясцовыя віды і таксама знішчаюць еўрапейскіх багамолаў, колькасць якіх ужо скарачаецца.
Паводле аўтараў даследавання, далейшае распаўсюджванне азіяцкіх багамолаў дэманструе, як дзейнасць чалавека і змяненне клімату здольныя разбураць прыродныя бар’еры для інвазійных відаў.