«Такога рэйса ўвогуле не існуе»
- 13.07.2026, 16:25
Беларуска двойчы трапіла ў дзіўную сітуацыю з квіткамі.
Сэрвіс па продажы квіткоў Atlas патлумачыў сітуацыю з пасажыркай з Вілейкі, якая паскардзілася, што пасля куплі квіткоў не змагла скарыстацца двума рэйсамі. У кампаніі заявілі, што прычынай стала рэдкая памылка, з-за якой у дадатку з'явіўся рэйс, якога не існуе, піша «Зеркало».
Дзяўчына распавяла ў Threads, што за апошнія дні сутыкнулася адразу з двума праблемамі пры куплі квіткоў праз Atlas:
«3 ліпеня на 15:10 забраніравала паездку Вілейка — Сасёнка, аплаціла яе, захавала скрыншот паездкі, прыходжу на вакзал, маршруткі няма. Тэлефаную аператарам — ніхто нічога не ведае, паездкі нібыта няма. Як няма, калі ў мяне яна аплачаная??? Як вяртаць грошы, аператары таксама не ў курсе».
Другі выпадак адбыўся з рэйсам Вілейка — Мінск. 9 ліпеня дзяўчына забраніравала квіток на 12 ліпеня, але пасля атрымала паведамленне пра адмену паездкі:
«Сёння мне прыходзіць смс пра тое, што рэйс адменены! Тэлефаную аператарам — мне кажуць, што я яго ўласнаручна і адмяніла. Цяпер заходжу — такога рэйса ўвогуле не існуе, і квіткоў на іншыя маршруткі ўжо няма!»
У каментарыях прадстаўнікі Atlas папрасілі пасажырку даслаць нумар квітка, а пазней патлумачылі, што адбылося.
«На жаль, вельмі рэдка, але здараюцца накладкі, калі на сайце або ў дадатку можа з'явіцца рэйс, якога ў рэчаіснасці на гэтую дату не існуе. У выпадку выяўлення памылкі мы адразу ж яе выпраўляем. Як было і ў вашым выпадку», — напісалі ў кампаніі.
Пазней у каментары «Мінскай праўдзе» ў кампаніі падкрэслілі, што Atlas не з'яўляецца перавозчыкам — «сэрвіс займаецца продажам квіткоў на рэйсы розных кампаній і не мае ўласнага транспарту».
Там таксама адзначылі, што штодзённа ў сістэме даступныя тысячы рэйсаў па Беларусі і за мяжой, аднак часам узнікаюць тэхнічныя памылкі:
«Надзвычай рэдка, але здараюцца накладкі: на сайце або ў дадатку можа з'явіцца рэйс, якога фактычна не існуе. Выяўіўшы памылку, мы адразу яе выпраўляем — як і ў гэтым выпадку».
У кампаніі паведамілі, што кошт квітка пасажырцы вярнулі цалкам і налічылі бонусы ў якасці кампенсацыі.