У Курскай вобласці РФ уводзяць продаж паліва па нумарах
- 13.07.2026, 21:14
Паліўны крызіс набірае абароты.
З 15 ліпеня аўтазаправачныя станцыі ў Курскай вобласці будуць прадаваць паліва з абмежаваннямі, у адпаведнасці з нумарнымі знакамі аўтамабіляў. Аб гэтым паведаміў губернатар Аляксандр Хінштэйн. Паводле яго слоў, мера абумоўленая ўзмацненнем атак беспілотнікаў.
«Вораг узмацніў варварскія абстрэлы аўтазаправачных станцый, — заявіў чыноўнік. — Праціўнік мэтанакіравана імкнецца наносіць удары па месцах масавага скупчэння людзей».
Таму, «каб максімальна забяспечыць бяспеку нашых грамадзян і знізіць паток транспарту на АЗС», курскі аператыўны штаб увёў наступныя абмежаванні:
у няцотныя дні месяца будуць запраўляцца аўтамабілі, нумарны знак якіх пачынаецца з няцотнай лічбы — 1, 3, 5, 7, 9;
у цотныя дні — тыя, чый нумар пачынаецца з цотных лічбаў 2, 4, 6, 8 і нуля.
Правілы будуць дзейнічаць незалежна ад рэгіёну рэгістрацыі аўтамабіля. На спецтранспарт і машыны аператыўных службаў абмежаванні не распаўсюджваюцца.
Акрамя таго, на 22 АЗС у 100-кіламетровай зоне ад мяжы і на некалькіх буйных АЗС у Курску ўвядуць спецыяльную схему руху транспарту: да адной калонкі зможа пад'язджаць не больш за адзін аўтамабіль, астатнія будуць чакаць на бяспечнай адлегласці.