Беларус сплаціў на нямецкай мяжы 1379 еўра штрафаў
- 14.07.2026, 11:32
Але яго ўсё адно развярнулі ў Польшчу.
Нямецкія памежнікі адмовілі ва ўездзе 22-гадоваму грамадзяніну Беларусі, якога праверылі на мяжы з Польшчай. Мужчыну разысківалі ў Германіі па некалькіх справах аб крадзяжах і ён павінен быў сплаціць штрафы на агульную суму 1379 еўра. Пра гэта паведамляе Most са спасылкай на Федэральную паліцыю Германіі.
Беларуса спынілі 10 ліпеня каля 10:00 на памежным пераходзе Краушвіц. Праверка па паліцэйскіх базах выявіла адразу тры супадзенні.
Мужчыну разысківалі пракуратуры Берліна і Франкфурта-на-Одэры па справах аб крадзяжах. За ім лічыліся грашовыя штрафы на агульную суму 1379 еўра. Ён сплаціў іх на месцы.
Яшчэ адна арыентыроўка была звязана з устанаўленнем адрасу беларуса ў межах іншай справы аб крадзяжы.
Супрацоўнікі паліцыі праверылі, ці адпавядаў мужчына патрабаванням для ўезду ў Германію, а таксама заяўленай ім мэце паездкі. Праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што існуе рызыка ўчынення новых злачынстваў. Беларусу адмовілі ва ўездзе і адправілі назад у Польшчу.
Праверкі на польска-нямецкай мяжы
Германія ўвяла часовы памежны кантроль на мяжы з Польшчай 16 кастрычніка 2023 года. Улады тлумачылі гэта ростам нелегальнай міграцыі і дзейнасцю перавозчыкаў мігрантаў.
Пазней дзеянне кантролю неаднаразова падаўжалі. Цяпер Германія таксама спасылаецца на нагрузку на сістэму прыёму бежанцаў і агульныя пагрозы ўнутранай бяспецы. Кантроль аўтамабіляў, аўтобусаў і цягнікоў праводзіцца выбарачна.