У Расіі загаварылі пра рэвалюцыю
- 14.07.2026, 12:55
Крэмлёўская прапаганда ажыўляе прывіды 1917 года.
Расійская прапаганда сутыкнулася з новай праблемай — ёй даводзіцца тлумачыць насельніцтву ўсё большы разрыў паміж заяўамі пра перамогу ў вайне супраць Украіны і наступствамі ўдараў па энергетычнай інфраструктуры, піша CEPA (пераклад — сайт Charter97.org).
Пасля атак на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы ў краіне з’явіліся перабоі з палівам, чэргі на запраўках і рост незадаволенасці сярод грамадзян. Пуцін упершыню прызнаў, што ўкраінскія ўдары накіраваныя на аслабленне эканомікі, заявіўшы, што Масква бачыць спробы «стварыць атмасферу нервовасці ў грамадстве».
Дзяржаўныя тэлеканалы спрабуюць супакоіць расіян, аднак замест ранейшых абяцанняў хуткай перамогі ўсё часцей гучаць папярэджанні пра цяжкі і зацяжны канфлікт. Прапагандысты, якія раней адпрэчвалі параўнанні Расіі з «сыравінным прыдаткам», цяпер вымушаныя тлумачыць праблемы ў краіне, якая залежыць ад нафтагазавых даходаў.
На фоне дэфіцыту паліва расійскія чыноўнікі заклікаюць грамадзян не панікаваць і не запасацца бензінам. Пры гэтым мясцовыя ўлады самі сутыкаюцца з наступствамі крызісу: напрыклад, губернатар Валагодскай вобласці Георгій Філімонаў застаўся без паліва і быў вымушаны папрасіць дапамогі ў супрацоўнікаў ДІБДР.
«Некаторыя прадстаўнікі расійскай медыясферы пачалі публічна казаць пра рызыкі страты даверу грамадства», — пішуць аўтары артыкула. Палітолаг Сяргей Міхееў заявіў: «Калі людзі бачаць адно за вакном, а ад чыноўнікаў чуюць зусім іншае, сітуацыя можа стаць выбуханебяспечнай».
Іншыя прапагандысты робяць стаўку на ўзмацненне кантролю і цэнзуры. На дзяржаўных каналах усё часцей гучаць параўнанні з падзеямі 1917 года і папярэджанні пра магчымы ўнутраны крызіс.
Дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін адхіліў такія сцэнары, заявіўшы: «Чэргі на запраўках не стануць сучасным варыянтам хлебных чаргаў 1917 года». Аднак нават адказ вядучай Вольгі Скабеевай — «Дай бог» — паказаў, што трывога вакол сітуацыі ў Расіі ўзмацняецца.