Вучыч наведае Кіеў
- 14.07.2026, 20:56
Прэзідэнт Сербіі заявіў пра планы сустрэцца з Зяленскім.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандар Вучыч пацвердзіў свой удзел у саміце «Паўднёва-Усходняя Еўропа — Украіна», які адбудзецца 15 ліпеня ў Кіеве. Пра гэта ён заявіў журналістам у Парыжы, піша сербскі партал Novosti.
Напярэдадні Вучыч прыбыў у Парыж па запрашэнні прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. Ён прысутнічаў на сустрэчы лідараў краін Еўрапейскага саюза, Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТА) і «кааліцыі ахвотных» у Елісейскім палацы. 14 ліпеня ён наведаў парад з нагоды Нацыянальнага свята Францыі.
«Я каротка абмяняўся меркаваннямі па розных пытаннях з Уладзімірам Зяленскім, з якім павінен сустрэцца прыблізна праз дзень», — сказаў Вучыч.
У канцы мая Вучыч правёў тэлефонную размову з Зяленскім, назваўшы размову «адкрытай і канструктыўнай». Бакі абмеркавалі двухбаковыя адносіны, шлях Кіева і Бялграда ў Еўрапейскі саюз, а таксама пытанні эканамічнага супрацоўніцтва.