Даследаванне выявіла нечаканую сувязь у маладых людзей
- 15.07.2026, 9:16
Здаровы лад жыцця не заўсёды ратуе.
Амерыканскія навукоўцы выявілі, што людзі маладзейшыя за 50 гадоў, якія ніколі не палілі і прытрымліваліся здаровага рацыёну, часцей захворвалі на рак лёгкіх. Даследчыкі мяркуюць, што гэта можа быць звязана з рэшткамі пестыцыдаў у прадуктах, піша New Voice.
Даследчыкі з Універсітэта Паўднёвай Каліфорніі прадставілі вынікі сваёй працы на штогадовай канферэнцыі Амерыканскай асацыяцыі па даследаванні раку. Яны прааналізавалі выпадкі раку лёгкіх у людзей маладзейшых за 50 гадоў, якія ніколі не палілі, і выявілі нечаканую заканамернасць.
У даследаванні ўдзельнічалі 187 пацыентаў, у якіх рак лёгкіх быў дыягнаставаны ва ўзросце да 50 гадоў. Большасць з іх ніколі не палілі. Удзельнікі прадставілі інфармацыю пра свой рацыён, лад жыцця і іншыя звесткі.
Параўнанне са сярэднімі паказчыкамі насельніцтва ЗША паказала, што гэтыя людзі ў цэлым харчаваліся больш здарова. Яны спажывалі больш садавіны, гародніны і цэльназернавых прадуктаў. Сярэдні паказчык якасці іх харчавання склаў 65 балаў са 100, тады як сярэдні паказчык па краіне складае 57.
Паводле слоў кіраўніка даследавання Хорхе Н'евы, вынікі аказаліся нечаканымі. Ён адзначыў, што ў маладых некурцаў, якія спажывалі больш карысных прадуктаў, часцей дыягнаставалі рак лёгкіх. Гэта, паводле яго слоў, уздымае пытанне пра магчымы ўплыў невядомага фактара навакольнага асяроддзя.
Навукоўцы падкрэсліваюць, што не лічаць прычынай саму садавіну, гародніну або збожжавыя культуры. Яны мяркуюць, што пэўную ролю могуць адыгрываць рэшткі пестыцыдаў, якія часцей сустракаюцца ў прадукцыі, вырашчанай традыцыйным (неарганічным) спосабам. Гэтую гіпотэзу часткова пацвярджаюць папярэднія даследаванні, якія выявілі павышаную рызыку раку лёгкіх у работнікаў сельскай гаспадаркі, што доўгі час кантактавалі з пестыцыдамі.
Даследаванне таксама паказала, што сярод некурцаў ва ўзросце да 50 гадоў жанчыны часцей захворвалі на рак лёгкіх, чым мужчыны. Пры гэтым жанчыны ў сярэднім таксама спажывалі больш садавіны, гародніны і цэльназернавых прадуктаў.
Аўтары падкрэсліваюць, што іх высновы пакуль не даказваюць наяўнасць прычынна-выніковай сувязі паміж пестыцыдамі і развіццём раку лёгкіх. У дадзеным даследаванні ўзровень пестыцыдаў у арганізме ўдзельнікаў не вымяраўся; замест гэтага выкарыстоўваліся звесткі пра сярэдняе ўтрыманне такіх рэчываў у розных катэгорыях прадуктаў.
Наступным этапам стане аналіз крыві і мачы ўдзельнікаў, каб вызначыць фактычны ўзровень пестыцыдаў у арганізме і праверыць, ці звязаныя асобныя рэчывы з павышанай рызыкай захворвання. Даследчыкі падкрэсліваюць, што да атрымання новых доказаў няма падстаў змяняць рэкамендацыі па здаровым харчаванні.