Беларускі тэатр абвясціў набор акцёраў без адукацыі і вопыту
- 15.07.2026, 16:31
Кандыдатам абяцаюць «бонус».
Гомельскі абласны драматычны тэатр абвясціў набор у трупу людзей без акцёрскай адукацыі і вопыту.
«Спецыяльная адукацыя вітаецца, але самае галоўнае — гэта вашы здольнасці і жаданне», — гаворыцца ў аб'яве на сайце тэатра. У якасці бонуса кандыдатам абяцаюць дапамогу ў далейшым паступленні ў Беларускую акадэмію мастацтваў.
Такая прапанова абурае прафесійных акцёраў. У каментары гомельскаму выданню «Штодзень» адзін з іх сказаў:
«Спецыяльная адукацыя вітаецца, але гэта не галоўнае... Яшчэ 10 гадоў таму выпускнікам Магілёўскага тэатральнага каледжа ў тэатр было не прабіцца — трэба было яшчэ заслужыць, каб там працаваць, і прасілі завочна скончыць Акадэмію мастацтваў або ўніверсітэт культуры. А цяпер... Жах».
Праслухоўванні кандыдатаў ужо пачаліся. Памер заробку не называецца.
Праблемы ў тэатрах па ўсёй Беларусі назіраюцца пасля 2020 года: многія акцёры былі звольненыя па палітычных прычынах.