BE RU EN

Стаў вядомы прысуд экс-памочніку Лукашэнкі Ігару Брылу

  • 15.07.2026, 17:43

Брылу затрымалі ў 2023 годзе па «справе малочнікаў».

Сталі вядомы прысуды па знакамітай «справе малочнікаў», якая пачалася ў лістападзе 2023 года з арышту тадышняга памочніка Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Ігара Брылы.

Тады затрымалі таксама амаль усю сям'ю кіраўніка «Бабулінай крынкі» Генадзя Скітава, уключна з ім самім, а таксама менеджмент холдынгу, піша «Наша Ніва».

У чым абвінавачвалі фігурантаў справы? Скітавы пры садзейнічанні Ігара Брылы нібыта разгарнулі на дзяржаўнай «Бабулінай крынцы» сістэму, паводле якой штучна стваралася перазатарка складоў, што дазваляла дзеля іх разгрузкі адпускаць прадукцыю па ніжэйшай цане. Потым гэта насамрэч добрае малако і іншая прадукцыя па дэмпінгавых коштах адгружалася на фірмы-пасрэднікі, якія прадавалі тавар у Расіі па рэальнай цане. А розніца, адпаведна, дзялілася паміж удзельнікамі схемы.

Брыла актыўна супрацоўнічаў са следствам, а Скітаў адмовіўся даваць паказанні. У сувязі з гэтым расследаванне моцна зацягнулася.

Суд пачаўся толькі ў верасні 2025 года і скончыўся тры месяцы таму.

Як стала вядома журналістам, Ігар Брыла атрымаў 12 гадоў пазбаўлення волі — столькі і прасіў пракурор. Генадзю Скітаву пашанцавала менш — яму далі 15 гадоў пазбаўлення волі.

Але мала хто з топ-чыноўнікаў цалкам адседжвае свой тэрмін. У лукашэнкаўскай сістэме распаўсюджаная практыка вызваляць іх датэрмінова і накіроўваць кіраваць гаспадаркамі.

Акрамя цэнтральных фігурантаў, пад суд трапілі таксама:

Віктар Скітаў, дырэктар філіяла «Мінскі» «Бабулінай крынкі».

Арцём Зубель, першы намеснік дырэктара «Бабулінай крынкі», сын былога намесніка начальніка шчучынскай міліцыі.

Галіна Ціценкава, намесніца дырэктара «Бабулінай крынкі», пасля ўзначаліла гаспадарку «Новая Друць» у Бялыніцкім раёне.

Аляксей Драніца, начальнік аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці «Бабулінай крынкі».

Дзяніс Ліннік, дырэктар філіяла «Асіповіцкі» «Бабулінай крынкі», былы начальнік Барысаўскага РАУС.

Сяргей Пятражыцкі, дырэктар «Віцебскмясамалпрама».

Уладзімір Сіруць, «галоўны сябра» Генадзя Скітава, кіраўнік шэрагу афіліяваных кампаній.

Сяргей Качанаў, дырэктар віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты».

— «Нікалаевіч М. В». — поўны цёзка Міхаіла Валянцінавіча Нікалаевіча, былога намесніка старшыні праўлення «Тэхнабанка» і намесніка дырэктара салігорскага футбольнага «Шахцёра».

Уладзімір Лісіцын, заснавальнік «БелАгроГен Беларусь».

Яшчэ пра пяцёх людзей дакладна невядома, чым яны займаліся на волі: А. Чарняк, А. Яшчанка, Г. Кіракасян, А. Саболькаў, А. Панкоў.

Фігуранты праходзілі па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Апошнія навіны