Невядомая «журналістка» прапанавала экс-прэм'еру Літвы пераехаць у Беларусь
- 16.07.2026, 10:23
Пры гэтым нібыта абяцалі яму і яго сям'і «выдатныя ўмовы для жыцця».
Падазраванаму ў карупцыі дэпутату Сейма, экс-прэм'еру Літвы Саулюсу Сквернялісу прапанавалі ад імя «беларускай журналісткі» уцячы ў Беларусь. Пры гэтым нібыта абяцалі яму і яго сям'і «выдатныя ўмовы для жыцця».
Дэпутат, нягледзячы на сваё няпэўнае становішча, уцякаць не стаў, а паведаміў пра прапанову ў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДГБ).
Як піша DELFI, пра тое, што ён атрымаў два лісты нібыта ад беларускай журналісткі з запрашэннем прыехаць у суседнюю краіну, Скверняліс паведаміў 14 ліпеня, калі адказваў у парламенце на пытанні журналістаў.
Ён сказаў, што лісты атрымаў яшчэ да таго, як яму прад'явілі абвінавачанні ў карупцыі, і да таго, як парламент пазбавіў яго недатыкальнасці.
«Мяне запрасілі прыехаць у Беларусь — сур'ёзна. Я атрымаў два эл. лісты ад грамадзянкі Беларусі, журналісткі; гэта было яшчэ да ўсіх працэсаў тут, да прад'яўлення падазрэнняў; было напісана, што, паводле іх звестак, я знаходжуся пад падазрэннем, пачнецца палітычны пераслед, таму мяне запрашаюць у Беларусь, дзе створаць усе ўмовы, магчымасці, прадаставяць рэсурсы, фінансы для мяне і сям'і», — сказаў палітык.
Ён адзначыў, што пераслаў гэтыя лісты ў ДГБ, але адказу не атрымаў. «Я пераслаў лісты ў ДГБ, але лічу, што гэта правакацыя», — адзначыў Скверняліс.
СМІ нагадваюць, што ў Беларусь нядаўна з'ехаў асуджаны за фінансавыя злачынствы Антанас Кандротас-Цэлафанас. Ён з'ехаў, нягледзячы на вызначаную меру стрымання — пісьмовую падпіску аб нявыездзе. Кандротас абвешчаны ў вышук.