Ключавы дэпутат украінскай партыі «Слуга народа» склаў мандат у знак пратэсту
- 16.07.2026, 12:24
З-за нязгоды з кадравай палітыкай.
Народны дэпутат Украіны ад партыі «Слуга народа» Мікіта Патураеў абвясціў, што падаў заяву аб складанні дэпутацкіх паўнамоцтваў.
Пра гэта ён заявіў падчас пленарнага пасяджэння парламента ў чацвер, 16 ліпеня.
«Прашу калег разгледзець гэтае рашэнне гэтак жа безадкладна, як яны разглядаюць іншыя, з-за якіх я быў вымушаны прыняць для сябе такое рашэнне», — сказаў дэпутат.
У каментары New Voice народны дэпутат патлумачыў, што яго рашэнне звязана з нязгодай з кадравай палітыкай кааліцыі, у прыватнасці, у дачыненні да Міністэрства абароны.
«Маё рашэнне не звязана асабіста з Міхаілам Фёдаравым, хоць, безумоўна, тое, што рабіў у міністэрстве Міхаіл Фёдараў, дапамагло нам змяніць сітуацыю на фронце і, відавочна, умацавала нашы пазіцыі. Маё рашэнне абумоўлена больш фундаментальнымі прычынамі: я глыбока перакананы, што пераўтварэнне ўкраінскай арміі ў армію зусім новага тыпу — працэс, лідарам якога быў, уласна, Міхаіл Фёдараў, — павінна працягвацца пры любых абставінах, хто б гэтым ні займаўся», — сказаў дэпутат.
Ён лічыць, што кіраўнік МУС Ігар Кліменка «знаходзіцца на сваім месцы», гэтаксама як і Фёдараў «знаходзіўся на сваім месцы».
«А калі кагосьці з генералаў не задавальняе тое, што адбываецца ў арміі, то, магчыма, гэтыя генералы займаюць не свае месцы. У нас мноства маладых генералаў, якія выйшлі з добраахвотнікаў, якія выдатна ваююць і маюць досвед менавіта сучаснай вайны. Я перакананы, што ёсць з каго выбіраць і каго прызначаць», — дадаў народны дэпутат.
Мікіта Патураеў быў абраны ў Раду ад партыі «Слуга народа» ў 2019 годзе і ўзначальвае камітэт па пытаннях гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі.