За узбекістанцамі ў Беларусі будзе сачыць міліцыя
- 16.07.2026, 18:33
Такую задачу паставіў кіраўнік МУС Кубракоў.
Работнікі з Узбекістана не павінны заставацца без увагі супрацоўнікаў Міністэрства унутраных спраў, заявіў кіраўнік ведамства Іван Кубракоў 16 ліпеня на нарадзе УУС Віцебскага аблвыканкама.
Паводле яго слоў, узбекскім работнікам варта растлумачыць, што «у Беларусі жывуць законапаслухмяныя грамадзяне», тут бяспечна, таму замежным работнікам «неабходна выконваць дзеючае заканадаўства» (паводле відэафрагмента, апублікаванага прэс-службай МУС).
«Наша задача — аказаць гасцям усю неабходную дапамогу: ад рэгістрацыі да поўнавартаснай адаптацыі ў Беларусі. Бо людзі прыехалі ў іншую краіну, ёсць розніца ў менталітэце, — цытуе Кубракова прэс-служба МУС. — Трэба ставіцца да гэтага з разуменнем, даступна і падрабязна растлумачваць асаблівасці нашага заканадаўства. Але яшчэ раз акцэнтую: наша ключавая мэта — аказанне рэальнай дапамогі! Участковыя інспектары міліцыі і супрацоўнікі падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі павінны разумець, што калі пытанне ўваходзіць у нашу кампетэнцыю, мы вырашаем яго ў абавязковым парадку. Калі не, робім гэта сумесна з іншымі органамі улады».
Беларусь па-ранейшаму захоўвае прывабнасць для мігрантаў, у тым ліку працоўных, сцвярджае міністр.
Паводле яго слоў, для падтрымання стабільнай сітуацыі органы унутраных спраў ажыццявілі мерапрыемствы па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў з удзелам указанай катэгорыі асоб. Сітуацыю ў гэтай сферы МУС лічыць кіраванай і такой, што не аказвае «уплыву на грамадскую бяспеку і сацыяльна-палітычную сітуацыю ў краіне».
Як паведамлялася, 255 жыхароў Андыжанскай вобласці Узбекістана раней былі «арганізавана накіраваныя і працаўладкаваныя ў Віцебскай вобласці».
15 ліпеня узбекскія работнікі выказалі незадаволенасць умовамі жыцця і заробкам, паколькі пасля ўтрыманняў за ежу і выдаткаў на паўсядзённыя патрэбы ў іх застанецца каля 200 долараў. Яны прасілі вярнуць іх на радзіму. Аднак 16 ліпеня працоўныя мігранты запісалі новае відэа, у якім сцвярджалася, што спрэчныя пытанні вырашаныя.