Бензін з усёй Расіі пачалі звозіць у Маскву
- 16.07.2026, 19:11
Тым часам у рэгіёнах РФ уводзяць абмежаванні на продаж паліва.
Расійскія ўлады запусцілі кампанію прыярытэтнага забеспячэння Масквы палівам, выцягваючы бензін з аддаленых рэгіёнаў, якія адзін за адным уводзяць абмежаванні на АЗС — ад QR-кодаў да продажаў па цотных і няцотных днях.
Нягледзячы на спыненне НПЗ у Капотні, які забяспечваў да 40% спажывання паліва ў сталіцы, а таксама ўдары ВСУ па бліжэйшых заводах у Рызані і Яраслаўлі, Масква застаецца рэгіёнам з найбольш даступным бензінам, вынікае з падлікаў Сбера, Альфа-банка і Т-банка (іх публікуе «Медиазона»).
Так, у сталіцы 85% заправачных станцый прадавалі паліва хаця б раз за суткі 13–14 ліпеня, тады як у сярэднім па краіне бензіну няма на кожнай трэцяй АЗС (удзел актыўных складае 67%). У асобных суб'ектах не працуе каля паловы заправачных станцый: гэта Крым, Ненецкая аўтаномная акруга, Чукотка (актыўныя 50% АЗС); Якуція і Кіраўская вобласць (55% АЗС актыўныя). У Тамбоўскай, Бранскай, Архангельскай абласцях, а таксама ў рэспубліках Марый Эл і Калмыкія адкрыта 60% або менш.
У Маскве — мінімальныя чэргі на АЗС: 40% заправак адкрыта, і за бензінам стаіць менш за 5 машын, адзначае Яніс Клюге, эксперт нямецкага Цэнтра праблем міжнароднай бяспекі. У цэлым па буйных гарадах толькі 20% заправачных станцый не маюць чаргаў, а, напрыклад, у Растове, Новарасійску, Ліпецку, Цверы і Екацярынбургу такіх менш за 10%. Масква і Санкт-Пецярбург знаходзяцца ў прыярытэце, канстатуе Клюге.
Размеркаванне бензіну з пачатку мая перададзена на «ручны кантроль» урада, які практычна штодзённа праводзіць нарады з нафтавымі кампаніямі, даючы ўказанні аб прыярытэтных адгрузках. Паводле ацэнак крыніц Reuters, вытворчасць бензіну цяпер пакрывае толькі дзве трэці ўнутранага спажывання — яна складае каля 80 тысяч тон у суткі пры попытзе да 120 тысяч тон.
Аб'ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расіі ў ліпені, паводле ацэнак Energy Intelligence, апусціліся да 3,58 млн барэляў у суткі, што можа быць найніжэйшым узроўнем як мінімум з 2002 года. Гэта на 30% ніжэй, чым у ліпені 2025-га. На цяперашні момант дэфіцыт нафтапрадуктаў у Расіі дасягае 400–600 тысяч тон у месяц, ацэньваюць у Energy Intelligence.