BE RU EN

Суперяхты Пуціна і расійскіх алігархаў сабраліся ў Турцыі

  • 17.07.2026, 3:04

Судны заўважылі ў раёне Бодрума.

Суперяхты Уладзіміра Пуціна і як мінімум шасці расійскіх мільярдэраў сканцэнтраваліся ля паўднёвага ўзбярэжжа Турцыі ў раёне Бодрума, высветліла «Вёрстка» на падставе даных сэрвісаў марскога сачэння. Так, 71-метровая яхта Victoria, якой, паводле даных цэнтра «Дасье», карыстаюцца Пуцін і члены яго сям'і, з 26 чэрвеня знаходзіцца паблізу пасёлка Бозбюк — прыкладна за 84 км ад Бодрума і ўсяго за 400 метраў ад пляжаў пяцізоркавага гатэля Six Senses Kaplankaya. У радыусе 150 км ад яхты размясціліся судны, звязаныя з Раманам Абрамовічам, кіраўніком ВТБ Андрэем Касціным, уладальнікам «Лукойла» Вагітам Алякперавым, заснавальнікам Polymetal Аляксандрам Нэсісам, Алегам Дзерыпаскам і суўладальнікам УГМК Іскандарам Махмудавым.

Найбліжэй да Victoria — прыкладна за 800 метраў — знаходзіцца 55-метровая яхта Rhea (былая Halo), якая належыць Абрамовічу. За 30 км ад яе стаіць 62-метровая Serenity & Unity (былая Sea & Us), якой, паводле даных Мінюста ЗША, карыстаюцца Касцін і яго каханка Наіля Аскер-задэ. Да нядаўняга часу абедзве яхты знаходзіліся ў гавані Торба ўсяго за 500 метраў адна ад адной. За 40 км ад Victoria размешчаная 80-метровая Genesis Алякперава, якая да 14 ліпеня таксама стаяла ў Торбе. На адлегласці 87 км знаходзіцца 82-метровая Romea Нэсіса, у бухце Кілле каля Даламанa, за 146 км ад Victoria стаіць 73-метровая яхта Дзерыпаскі Altair (былая Clio), а ў марыне Кушадасы, за 64 км на поўнач, прышвартаваная 73-метровая Predator, якую звязваюць з Махмудавым.

Паводле «Вёрсткі», Victoria, якая раней базавалася ў Сочы і фармальна належыць структурам сябра Пуціна Генадзя Цімчанкі, пакінула Краснадарскі край 26 чэрвеня, пасля чаго прайшла праз Басфор і накіравалася да турэцкага ўзбярэжжа. Кошт яхты ацэньваецца ў $30–50 млн.

Дацкая тэлерадыёкампанія DR са свайго боку паведамляла, што іншую звязаную з Пуціным яхту — 80-метровую Graceful (вядомую таксама як «Касатка») коштам каля $100 млн — на пачатку ліпеня перабазавалі з Балтыйскага мора ў Севераморск, на галоўную базу Паўночнага флоту, з-за пагрозы атак украінскіх беспілотнікаў. Паводле даных Цэнтра «Дасье», з Пуціным усяго звязана дзевяць яхт, уключаючы Victoria і Graceful.

Апошнія навіны