BE RU EN

У Беларусі з’явіліся «яслі» для змей

  • 2.07.2026, 10:30

Яны дапамогуць захаваць самых рэдкіх рэптылій краіны.

«Яслі» для змей? Чаму б і не! У Беларусі пачалі вырошчваць чырванакніжных мядзянак. Падраслых асобін нядаўна выпусцілі каля адной з вёсак. Пра гэта газеце «Навука» распавёў загадчык лабараторыі Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Демянчык.

Аказалася, так званыя яслі для мядзянкі звычайнай (Coronella austriaca) — самай рэдкай рэптыліі нашай краіны — стварылі ў межах праекта па захаванні гэтага віду.

Спачатку спецыялісты шукалі папуляцыі чырванакніжнай змеі. Найбуйнейшую папуляцыю выявілі на паўднёва-захадзе Палесся. Менавіта там правялі «спецыяльныя біятэхнічныя мерапрыемствы па паляпшэнні жыцця маладых і старых асобін».

Мядзянка — неатрутная чырванакніжная змея, якая аддае перавагу сухім лясам і пагоркавай мясцовасці, але сустракаецца таксама на пясчаных насыпах уздоўж дарог і чыгуначных шляхоў. Яе лёгка пазнаць па двух ромбападобных плямах на патыліцы і шэра-бурым афарбаванні з цёмнымі падоўжнымі плямамі.

— Мы прадчувалі дэмаграфічны рэптыльны выбух (для мядзянкі) і пэўны навуковы трыумф (для сябе). Але, нягледзячы на, здавалася б, ідэальны прыродаахоўны камфорт, колькасць гэтай рэптыліі не толькі не вырасла за тры гады, але і пачала падаць. Як высветлілася, рэптыльны дэмаграфічны калапс быў справакаваны перанаселенасцю, — распавядае Віктар Демянчык.

Калі папуляцыя вырасла, змеі сталі часцей гінуць пад коламі аўтамабіляў і ад драпежных птушак. Тады спецыялісты адлавілі самца і самку, а іх нашчадкаў выгадавалі да бяспечнага ўзросту без страт.

— З дапамогай валанцёраў быў абраны ўчастак з прыдатнымі месцапражываннямі на ўскрайку вёсачкі. Гэты пусташны луг з кустоўем і рэдкалессем найменш цікавіў патэнцыйным драпежнікам: канюку звычайнаму, варнавым, ужу звычайнаму і іншым. Але мясціны аказаліся цалкам прыдатнымі для жыцця маладых асобін мядзянкі. Надвор’е 19 чэрвеня было даволі спрыяльным, і маладыя змейкі хутка распаўзліся, — падзяліўся навуковец.

Паводле слоў навукоўцаў, выпушчаныя маладыя мядзянкі могуць стаць асновай новай папуляцыі. Аднак дзеля павышэння шанцаў на яе паспяховае фарміраванне ў наступным сезоне плануюць выпусціць яшчэ адну групу змей. Пакуль жа спецыялісты штодня назіраюць за іх адаптацыяй.

Апошнія навіны