«Нам прывозілі марожанае на будаўнічую пляцоўку»
- 2.07.2026, 12:48
Беларус распавёў пра ўмовы працы ў Германіі.
Экстрэмальная спёка, якая накрыла Беларусь і многія еўрапейскія краіны, спадае (не ўсюды). Аднак за гэтыя дні яна стварыла нямала праблем тым, хто працуе на адкрытым паветры.
І менавіта са спёкі, з якой, праўда, паўсталі значна больш сур'ёзныя тэмы, пачалася размова «Салідарнасці» з Паўлам Сакалоўскім – кіраўніком асацыяцыі Salidarnast, заснаванай прафсаюзнымі актывістамі Беларусі, якія вымушана пакінулі краіну, у мінулым адным з лідараў Беларускага незалежнага прафсаюза на ААТ «Беларуськалій».
– Паўле, вы цяпер жывяце ў Германіі і не так даўно пачалі працаваць у кампаніі, якая займаецца праектаваннем і будаўніцтвам цэнтральнага ацяплення і водазабеспячэння, а таксама мантажом камунікацый для кліматычных сістэм. І гэта, як кажуць, праца на свежым паветры. Хаця апошнім часам гэтае азначэнне зусім не падыходзіла. Як спраўляліся са спёкай?
– Спраўляліся, і не ў апошнюю чаргу таму, што для нас былі створаныя добрыя ўмовы. Напрыклад, нам выдавалі сонцаахоўны крэм, сонечныя акуляры.
Больш за тое, нам прывозілі марожанае на будаўнічую пляцоўку. Можа, гэта і дробязь, але гэта ўвага, сістэма арганізацыі працы і паважлівыя адносіны да работніка.
Акрамя таго, у нас ёсць агульны працоўны чат, дзе кіраўніцтва пісала наконт тэмпературы: калі яна будзе павышацца, трэба рабіць больш перапынкаў. Прычым гэтыя перапынкі будуць аплачвацца – 40 хвілін папрацавалі, 20 хвілін у цені адпачылі.
Калі была вельмі высокая тэмпература, некаторыя брыгады спынялі працу і проста з'язджалі дадому. І ім гэты дзень аплачвалі ў памеры 65% ад стаўкі. Ніякіх прэтэнзій у кіраўніцтва не ўзнікала.
Я не ідэалізую працадаўцаў, бо іх задача – зарабіць грошы. Аднак яны разумеюць, што калі сёння выціснуць з работніка ўсё, то заўтра ён захварэе і не выйдзе на працу. А для працадаўцаў гэта страты, ім важна, каб работнік заставаўся здаровым.
У нашай брыгадзе і раней, яшчэ да спёкі, бывала, што прыязджаў непасрэдны начальнік і прывозіў нам каву, бо мы не паспявалі паабедаць. Гэта знак павагі, лічу.
Магу сказаць з асабістага досведу, што ў Германіі шмат што трымаецца на павазе і асабістым даверы. Цябе не будуць кантраляваць, не будуць правяраць. Ты прыехаў на аб'ект, адзначыўся, там няма ніякага начальства. Вядома, цягам дня можа прыехаць кіраўнік праекта, спытаць, ці ўсё нармальна, што неабходна для працы і гэтак далей. Але гэта бывае нячаста.
– Вы, як актывіст незалежных беларускіх прафсаюзаў, можаце сказаць пра прынцыповыя адрозненні ў дзейнасці прафсаюзаў Германіі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі?
– Пачну з таго, што, калі я ўжо разумеў, што буду працаваць у кампаніі, паехаў у прафсаюзны офіс і добраахвотна аформіў сяброўства. Прадставіць такое ў сённяшняй Беларусі я не магу – там усё адбываецца інакш. Звычайна пры ўладкаванні на працу ў аддзеле кадраў прадпрыемства чалавеку кажуць: ідзі спачатку ў прафсаюз, там цябе прымуць у яго рады, а потым ужо далей будзем усё падпісваць. І ніхто не пытаецца, хочаш ты гэтага ці не.
Людзі гадамі з'яўляюцца членамі такога псеўдапрафсаюза, нічога не ведаючы пра тое, што ён робіць, як працуе і ці працуе ўвогуле. А многім нават у галаву не прыходзіць, што да яго можна звярнуцца па рэальную дапамогу, бо яны лічаць яго цалкам сабе дэкаратыўнай арганізацыяй.
Тут, у Германіі, я бачу, што прафсаюз працуе, і бачу плады гэтай працы. Напрыклад, у будаўнічай галіне на працягу трох гадоў запар з 1 красавіка павышалася пагадзінная тарыфная стаўка. Гэта было прапісана ў тарыфным пагадненні, і работнікі vedалі, што праз год у іх павысіцца пагадзінная аплата.
– Вы цяпер зарабляеце больш, чым у Беларусі, ці не? Бо ў Германіі даволі высокія падаткі, хаця яны залежаць ад розных фактараў.
– Я зарабляю значна больш, чым у Беларусі. Так, з аднаго боку, падаткі ў Германіі нямалыя, аднак у той жа час у краіне вельмі моцна развіта сацыяльная падтрымка. А ўвогуле сітуацыя з падаткамі шмат у чым індывідуальная. І, як правіла, пасля аплаты падаткаў і падачы дэкларацыі частку сумы чалавеку вяртаюць назад. Напрыклад, мае значэнне адлегласць ад дома да працы – чым яна большая, тым большую частку падаткаў вяртаюць. І яшчэ шмат іншых момантаў.
Акрамя таго, у Германіі, калі ў цябе не вельмі высокая зарплата, то сацыяльныя службы будуць даплачваць грошы, каб хапала на жыццё сям'і. Напрыклад, ёсць сям'я з трох чалавек з дзіцем, якое ходзіць у школу. Дык вось, кожны месяц на дзіця прыходзіць дапамога ў 290 еўра. І так да 21 года, а ў некаторых выпадках і даўжэй.
Ці калі ў сям'і жонка па нейкіх прычынах не працуе і зарэгістраваная ў job-цэнтры – гэта аналаг дзяржаўнай службы занятасці ў Беларусі – то ў цэнтры глядзяць на ўзровень даходу сям'і і нейкія выдаткі бяруць на сябе. Напрыклад, арэнду кватэры. Калі ж чалавек страціў працу і шукае новую, то на працягу года ён будзе атрымліваць 60% ад сваёй папярэдняй зарплаты.
А мая кампанія, у прыватнасці, аплачвае паліва для аўтамабіля, калі ты дабіраешся на працу на сваёй машыне, або праязны, калі прыязджаеш на грамадскім транспарце. Акрамя таго, для такіх работнікаў, як я, якія працуюць на розных аб'ектах, пералічваюць дадатковыя грошы на харчаванне.
Таксама ў нас ёсць службовыя мабільныя тэлефоны, карыстанне якімі аплачвае кампанія, уключаючы інтэрнэт.
Усе гэтыя грошы не ўваходзяць у заработную плату, як, напрыклад, у Беларусі, дзе такімі даплатамі павышаюць узровень зарплаты, нібыта дэманструючы яе рост.
А яшчэ я сутыкнуўся са стаўленнем мясцовых жыхароў да нашай працы. Нядаўна мы працавалі ў невялікім гарадку недалёка ад Брэмена. Пракладалі там ацяпленне. У доме жыла пажылая пара, і кожны раз, калі мы прыязджалі – а нас было 5 чалавек – яны пяклі пірагі, заварвалі каву і чай і прасілі, каб мы зрабілі перапынак і ўсё гэта з'елі і выпілі.
Такое здаралася неаднаразова. То-бок людзі хочуць аддзячыць за тваю працу. І гэта вельмі прыемна.