Apple выпусціць пяць новых мадэляў IPhone
- 2.07.2026, 20:50
Першая хваля прэм'ер чакаецца ўжо восенню.
Выбраць наступны iPhone неўзабаве стане яшчэ складаней, бо «яблычная» карпарацыя рыхтуе адразу некалькі гучных прэм'ер.
У другой палове 2026-га і першай палове 2027-га Apple прадставіць як мінімум пяць новых мадэляў iPhone, піша Nikkei Asia са спасылкай на інсайдараў.
Першая хваля прэм'ер чакаецца ўжо восенню.
Менавіта тады павінна дэбютаваць лінейка iPhone 18. Яна будзе ўключаць iPhone 18 Pro, iPhone 18 Pro Max і першы ў гісторыі кампаніі складаны iPhone, які некаторыя крыніцы называюць iPhone 18 Fold або iPhone 18 Ultra.
Адзін з пастаўшчыкоў распавёў выданню, што Apple ужо рэзервуе чыпы і іншыя кампаненты для гэтых прылад, нягледзячы на тое, што попыт на iPhone 17 застаецца высокім.
Пры гэтым, падаецца, найбольшыя чаканні кампанія ўскладае на складаную мадэль. Паводле інфармацыі інсайдараў, яна ўжо павялічыла план вытворчасці такіх гаджэтаў з 7–8 млн да прыблізна 10 млн экзэмпляраў.
Але на гэтым Apple спыняцца не збіраецца. Ужо ў першай палове 2027-га кампанія плануе прадставіць базавы iPhone 18 і iPhone Air.
Не выключана, што пазней з'явяцца і новыя бюджэтныя мадэлі. Але тэрміны іх выхаду пакуль застаюцца загадкай.