BE RU EN

У Беларусі камеры пачалі фіксаваць выпадкі язды без рамянёў бяспекі

  • 22.07.2026, 5:36

Вадзіцелям да ведама.

З ліпеня ўсталяваныя на дарогах краіны камеры выяўляюць больш парушэнняў ПДР. Пра гэта стала вядома на пасяджэнні пастаяннай камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры «Савеце Міністраў», паведаміла прэс-служба ўрада.

Зацікаўленыя ведамствы працягваюць «наращваць тэхнічныя магчымасці» сістэмы аўтаматычнай фіксацыі парушэнняў ПДР. Перш за ўсё гаворка ідзе пра павелічэнне колькасці падключаных камер відэаназірання.

«Ужо цяпер у анлайн-рэжыме выяўляюцца факты перавышэння хуткасці, фіксуюцца транспартныя сродкі, якія не маюць допуску да ўдзелу ў дарожным руху, неправамерны праезд па паласе грамадскага транспарту, парушэнні правілаў прыпынку і стаянкі, а таксама руху грузавых транспартных сродкаў», — адзначылі ў прэс-службе ўрада.

У ведамстве дадалі, што з ліпеня «выяўляюцца выпадкі язды без рамянёў бяспекі, а таксама неправамернага карыстання тэлефонамі падчас руху».

«У аўтаматычным фармаце таксама фіксуюцца парушэнні патрабаванняў сігналаў святлафора, правілаў манеўравання, факты непрадастаўлення перавагі пешаходам», — расказалі ў прэс-службе ўрада.

Акрамя таго, на пасяджэнні пастаяннай камісіі закранулі тэму ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. З пачатку года яны забралі жыцці пяці чалавек, яшчэ 44 атрымалі траўмы.

Удзельнікі сустрэчы прапанавалі больш актыўна ўкараняць «розныя інжынерныя сродкі», якія перашкаджаюць выхаду жывёл на праезную частку. Ідзе гаворка пра сеткавыя агароджы і сістэмы адпужвання (светлавыя, шумавыя, лазерныя).

«Сярод іншых мер — павелічэнне колькасці тэхсродкаў, якія дазваляюць своечасова папярэджваць вадзіцеляў аб з'яўленні ласяў, аленяў на дарозе, а таксама датчыкаў кантролю сярэдняй хуткасці руху на магістралях, што перасякаюцца з міграцыйнымі шляхамі лясных жыхароў», — паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Апошнія навіны