Вытворчасць нафтапрадуктаў у Расіі ў чэрвені скарацілася амаль на чвэрць
- 23.07.2026, 9:45
Спад паскорыўся нават паводле афіцыйных звестак.
Паводле афіцыйных звестак, індэкс вытворчасці нафтапрадуктаў у Расіі (у складзе агульнага індэксу прамысловай вытворчасці) у чэрвені бягучага года быў на 21,8% ніжэй, чым год таму, паведамляе err.ee.
Звесткі пра вытворчасць нафтапрадуктаў былі апублікаваныя ў сераду расійскай статыстычнай службай Расстата.
Паводле гэтых звестак, спад вытворчасці нафтапрадуктаў у краіне ў чэрвені паскорыўся: калі ў маі падзенне склала 13,5% у гадавым вылічэнні, то ў чэрвені — 21,8%.
Інфармацыю пра вытворчасць нафтапрадуктаў у абсалютных лічбах у Расіі не публікуюць паводле рашэння ўрада.
Пры гэтым рост цэн на паліва ў Расіі, згодна з данымі Расстата, некалькі запаволіўся. Так, за тыдзень, які завяршыўся 20 ліпеня, цэны на бензін у РФ выраслі на 1,7%. За папярэдні справаздачны тыдзень рост гэтых цэн склаў 2,3%.
Цэны на дызельнае паліва выраслі на 1,9%. Для параўнання: за папярэдні тыдзень яны падскочылі на 3,2%.
Улетку 2026 года на фоне ўзмацнення удараў Украіны па расійскіх нафтасховішчах і НПЗ Расія сутыкнулася з самым сур'ёзным дэфіцытам паліва з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Паводле ацэнак Reuters, у выніку удараў украінскіх беспілотнікаў у адказ на атакі расійскай арміі па ўкраінскіх гарадах поўнасцю або часткова былі выведзеныя з ладу каля 25% расійскіх нафтаперапрацоўчых магутнасцяў. У шэрагу рэгіёнаў былі ўведзеныя абмежаванні на продаж паліва. Акрамя таго, пачаўся імпарт паліва з-за мяжы.