Беларусь чакаюць радыяцыйныя туманы
- 23.07.2026, 10:29
З-за замаразкаў у Польшчы.
Беларусаў папярэдзілі пра радыяцыйныя туманы з-за анамальных замаразкаў у Польшчы, пішуць «Лунінецкія навіны».
Так, уначы 20 ліпеня ў Польшчы ўдарыў мароз. Як папярэджваюць сіноптыкі, такая анамалія ў суседняй краіне адаб'ецца на надвор'і ў Беларусі.
У Беларусі пакуль начныя тэмпературы не апускаліся ніжэй за нуль, але 23 ліпеня месцамі было да +7. Уначы ў пятніцу, 24 ліпеня, чакаецца ад +7 да +14, у суботу, 25 ліпеня, — ад +8 да +14.
Пры гэтым у нізінах, над тарфянікамі і балотамі, а таксама ў поймах рэк магчыма ўтварэнне радыяцыйных туманаў.
Радыяцыйны туман звычайна можа ўтварыцца ўначы або пад раніцу, калі зямля хутка губляе цяпло, а вільготнае паветра, якое прылягае да яе, астуджаецца да кропкі расы. У выніку адбываецца кандэнсацыя вадзяной пары ў дробныя кроплі, што завісаюць каля зямлі. Такая з'ява найчасцей узнікае ў яснае надвор'е пры слабым ветры. Пасля ўзыходу сонца туман звычайна рассейваецца.