Беларускі футбаліст патрапіў у заяўку «Легіі» на чарговы чэмпіянат Польшчы
- 23.07.2026, 11:23
Эрыку Мікановічу — 18 гадоў.
У новым сезоне польскай Экстраклясы можа дэбютаваць беларускі вінгер Эрык Мікановіч. Як паведамляюць афіцыйныя сацсеткі варшаўскай «Легіі», футбаліст уключаны ў заяўку клуба на будучы чэмпіянат.
Эрыку 18 гадоў. Ён выхаванец гродзенскай СДЮШАР «Белкард», пасля чаго праходзіў падрыхтоўку ў клубе «Юзэфовія» з горада Юзэфув, а затым апынуўся ў сістэме «Легіі». Прайшоўшы ўсе юніёрскія і юнацкія каманды сталічнага клуба, футбаліст пачаў выступаць за моладзевую каманду і ў яе складзе ўдзельнічаў у Маладзёжнай лізе чэмпіёнаў. У мінулым сезоне ён гуляў за другую каманду «Легіі» ў чацвёртым дывізіёне Польшчы. Таксама Эрык мае досвед выступленняў за юнацкую зборную Беларусі.
Нядаўна клуб правёў фотасесію напярэдадні старту нацыянальнага чэмпіянату — Эрык узяў у ёй удзел.
Летась «Легія» заняла пятае месца ў Экстраклясе. Бягучы сезон каманда пачне 24 ліпеня выязным матчам супраць «Погоні» са Шчэціна.