Чаму ўзбекі адмовіліся працаваць у Беларусі
- 23.07.2026, 14:45
Журналісты параўналі заробкі ў Расіі, Еўропе і Паўднёвай Карэі.
Пасля скаргаў узбекскіх работнікаў на ўмовы працы ў Беларусі «Белсат» паглядзеў, колькі можна зарабіць у самім Узбекістане і якія заробкі мігрантам абяцаюць у Расіі, Паўднёвай Карэі і некаторых краінах Еўропы. Высветлілася, што даходы могуць быць у некалькі разоў вышэйшыя, чым у Беларусі, хоць і там абяцанні працадаўцаў не заўсёды супадаюць з рэчаіснасцю.
Колькі зарабляюць ва Узбекістане
Паводле дадзеных статыстычнага ведамства Узбекістана, у першым квартале 2026 года сярэдні заробак у краіне склаў 6,83 млн сумаў (каля $ 565 па бягучым курсе). Па галінах разбежка вельмі вялікая. Больш за ўсё зарабляюць у фінансавай і страхавой дзейнасці ($ 1541), сферы інфармацыі і сувязі ($ 1370), а таксама ў дзяржаўным кіраванні і абароне, абавязковым сацыяльным забеспячэнні ($ 954,43).
Найніжэйшыя заробкі ў адукацыі ($ 382,65), ахове здароўя і сацпаслугах ($ 340,85) і сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы ($ 290).
Пад навінай пра сярэдні заробак людзі здзіўляюцца, дзе гэты паралельны Узбекістан, дзе столькі зарабляюць.
«Кіньце лакацыю гэтага Узбекістана, там жыць хачу», – пішуць у каментарыях.
Пры гэтым мільёны сумаў могуць сыходзіць вельмі хутка. UzNews апублікавала відэаапытанне, дзе ў людзей спыталі, на што яны трацяць грошы. Адзін хлопец распавёў, што найбольш траціць на ежу і таксі, прычым на таксі ў яго сыходзіць 2 млн сумаў (каля $ 165) або амаль траціна сярэдняга заробку.
Іншы распавядае, што пры правільным харчаванні толькі на сняданак у заведзенні сыходзіць 80 тысяч сумаў ($ 6,6).
«У месяц бывае 200–300 баксаў сыходзіць толькі на ежу», – дадае трэці.
Адна дзяўчына распавяла, што $ 600–700 у месяц траціць на вопратку.
Некаторыя ў каментарыях адзначаюць, што відэа знята на алеі ў цэнтры Ташкента, на «Брадвеі».
«Брадвей – гэта не Узбекістан», – паказвае каментатар на розніцу ў узроўні жыцця ў сталіцы і іншых рэгіёнах.
Колькі ўзбекі могуць зарабіць у Расіі?
Паколькі ў Узбекістане актыўна расце насельніцтва, а маладым людзям складана знайсці працу з годнай аплатай, многія шукаюць спосаб зарабіць за мяжой.
Найбольш папулярным кірункам для працоўных мігрантаў з Узбекістана з'яўляецца Расія. Паводле даных намесніка дарадцы прэзідэнта Узбекістана Рахіма Хакімава, там часова працаўладкаваныя каля 1,3 млн узбекаў. Толькі ў 2025 годзе каля 106 тысяч грамадзян Узбекістана паехалі працаваць у Расію ў межах арганізаванага набору, то бок па такім жа механізме, як іх накіроўвалі ў Беларусь на пачатку ліпеня.
Адзначаецца, што каля 50 тысяч чалавек трапілі на буйныя прадпрыемствы, у тым ліку «Газпрам», «Лукойл», «КамАЗ», «АўтаВАЗ», Ozon і SPAR.
Калі шукаць вакансіі самастойна, то ў Расіі можна знайсці шмат прапаноў для работнікаў з краін СНД. Часам у іх асобна згадваецца Узбекістан. Найчасцей гэтыя вакансіі звязаныя з ручной працай, але можна нядрэнна зарабіць, калі ўмовы адпавядаюць рэчаіснасці.
Напрыклад, у Навасібірску шукаюць работніка склада без досведу. Абяцаюць 4–7 тысяч расійскіх рублёў за змену. Калі ў месяцы 22 змены, то гэта 88–154 тысячы расійскіх рублёў (каля $ 1120–1960). З бонусаў – аплата транспарту да працы.
У Маскоўскай вобласці патрэбны зборшчык на вытворчасць таксама без вопыту працы на заробак 100–220 тысяч расійскіх рублёў (каля $ 1270–2810). Сярод іншага грамадзянам Узбекістана абяцаюць дапамогу з жыллём і дакументамі.
Разнарабочым на будоўлі ў Маскве прапануюць ад 180 тысяч расійскіх рублёў (каля $ 2300).
«Што атрымліваюць работнікі: уніформа, пражыванне, медыцынская страхоўка, харчаванне, зоны адпачынку, транспарт да працы, падарункі дзецям на святы, навучанне, кампенсацыя праезду з працы», – гаворыцца ў апісанні вакансіі.
Пакаёўкам у гатэлі Санкт-Пецярбурга гатовы плаціць ад 120 тысяч расійскіх рублёў ($ 1530) плюс харчаванне. У вакансіях падкрэсліваецца, што гэта стабільная праца з «белым» заробкам і аплатай усіх страхавых узносаў, у тым ліку для грамадзян Узбекістана.
Праўда, у Расіі працоўныя мігранты могуць падвяргацца нападам сілавікоў, асабліва ў сувязі з узмацненнем міграцыйнай палітыкі ў 2024 годзе ў сувязі з тэрактам у «Крокус Сіці Хол». У 2025 годзе пасольства Узбекістана ў Маскве нават накіравала ноту ў МЗС Расіі з-за жорсткага рэйду ў інтэрнаце для мігрантаў.
Узбекі ў Паўднёвай Карэі
Яшчэ адзін папулярны кірунак для ўзбекаў – гэта Паўднёвая Карэя. На пачатак 2026 года іх у Паўднёвай Карэі было 100 тысяч чалавек, расказаў пасол Узбекістана ў Карэі Алішэр Абдусаломаў. Праўда, 9% з іх перайшлі на нелегальную працу і цяпер Паўднёвая Карэя пагражае спыніць выдачу віз.
У Паўднёвай Карэі можна нядрэнна зарабіць. Напрыклад, у 2024 годзе Агенцтва міграцыі Узбекістана паведаміла, што ўпершыню 100 тысяч узбекаў будуць прыцягнутыя да адбору на працу ў Паўднёвай Карэі.
Тады набіраліся супрацоўнікі на вытворчасць (22,3 тысячы вакансій), сельскую гаспадарку (6,9 тысячы вакансій), гасцінічны і рэстаранны бізнес (5,4 тысячы вакансій) і ў будаўніцтва (2,9 тысячы вакансій).
Паводле дадзеных агенцтва, сярэдні заробак тады складаў $ 2 000 – $ 2 500.
Праўда, каб прайсці адбор, трэба было наведваць спецыяльныя курсы карэйскай мовы і здаць экзамен.
Алішэр Абдусаломаў расказаў, што штогод Паўднёвая Карэя выдзяляе 5 тысяч віз на сезонныя працы для грамадзян Узбекістана, але карыстаюцца гэтай магчымасцю каля 600 чалавек.
Еўропа прымае ўсё больш узбекоў
На фоне росту праблем у мігрантаў з Узбекістана ў Расіі людзі часцей арыентуюцца на Еўропу, а ўлады спрабуюць гэтаму спрыяць, заключаючы пагадненні з рознымі краінамі. У 2025 годзе Германія выдзеліла 50 тысяч рабочых месцаў для ўзбекаў. Там цікавяцца ў тым ліку людзьмі з медыцынскай адукацыяй. Папярэдне ім таксама трэба падвучыць нямецкую мову.
Вясной 2026 года агенцтва міграцыі Узбекістана абвясціла пра магчымасць прыёму на працу ў Германіі медыцынскіх спецыялістаў сярэдняга звяна па 800 вакансіях.
Каб прайсці адбор, трэба ведаць нямецкую мову на ўзроўні B2 – ёсць спецыяльныя бясплатныя дзесяцімесячныя курсы. Акрамя таго, абяцаюць стыпендыю і бясплатнае жыллё.
Калі чалавек пройдзе адбор, то за 39 працоўных гадзін у месяц абяцаюць заробак € 1900, а пасля трох месяцаў працы і пацверджання кваліфікацыі € 2500.
Грамадзяне Узбекістана атрымліваюць інфармацыю і падаюць дакументы для працоўнай міграцыі ў міграцыйным агенцтве Узбекістана ў Ташкенце. Сутыкнуўшыся з нестачай рабочай сілы ў шэрагу сектараў, ЕС заключыў пагадненні з пяццю дзяржавамі Цэнтральнай Азіі – Казахстанам, Кыргызстанам, Узбекістанам, Таджыкістанам і Туркменістанам – аб дапамозе ў прыцягненні кваліфікаваных работнікаў,
Павялічваецца колькасць працоўных мігрантаў з Узбекістана і ў Літве. Паводле дадзеных Службы занятасці, па працоўных дагаворах вясной 2026 года там працавалі 11,7 тысячы ўзбекаў, а за год іх колькасць вырасла на 29,4%. Палова ўсіх працоўных мігрантаў у Літве працуе ў сферы транспарту і захоўвання.
На пачатку 2026 года агенцтва міграцыі Узбекістана апублікавала некалькі вакансій ад прыватнага агенцтва, якое шукае работнікаў у Літву. Адна з прапаноў – праца на птушкафабрыцы. Трэба будзе займацца ўпакоўкай прадукцыі, маркіроўкай і пагрузкай. Плаціць абяцаюць $ 1000–1700.
Таксама запрашалі на будоўлю па шэрагу вакансій: ад бетоншчыка да сантэхніка, дахавіка і гэтак далей. Такіх вакансій было 100 на заробак ад $ 1000 – у залежнасці ад вопыту працы і кваліфікацыі.
Працадаўца абяцае жыллё, афіцыйнае працаўладкаванне і магчымасць доўгатэрміновай занятасці. Кандыдат павінен узяць на сябе выдаткі на візу, авіябілет і харчаванне.
Пры гэтым пошук працы з дапамогай вакансій, якія публікуе агенцтва міграцыі Узбекістана, і дамоўленасцяў паміж краінамі яшчэ не азначае, што чалавек не будзе падмануты ў сваіх чаканнях у Еўропе, як гэта адбылося і ў Беларусі. «Радыё Свабода» распавяло гісторыю Улугбека, які быў вымушаны паехаць на заробкі ў Славакію, знайшоў вакансію ў тэлеграм-канале агенцтва, каб не трапіць на махляроў, і ўсё адно яго вопыт быў негатыўны – ён прапрацаваў усяго месяц.
«У Ташкенце мяне спыталі: «Ці ёсць у вас магчымасць часам працаваць па 12 гадзін у дзень?». Я сказаў: «Так». Але калі я пачаў працаваць, даведаўся, што па такім графіку трэба працаваць кожны дзень. Не кожны вытрымае 12-гадзінную змену на нагах. Другое, пра што не кажуць пры працаўладкаванні нашых грамадзян у Еўропе: Агенцтва міграцыі не заключае прамых кантрактаў з працадаўцамі, а працуе з пасярэдніцкімі агенцтвамі. Яны забіраюць сабе 40% заробку мігранта. Да адпраўкі кажуць: «Будзеш атрымліваць 2–3 тысячы еўра ў месяц». У выніку плацяць палову. Я пачаў абурацца, што нас падманулі. Гэта не спадабалася працадаўцу», – распавёў Улугбек.
У ліпені ў Беларусь прыехалі больш за 200 работнікаў з Узбекістана. Пабыўшы ў краіне некалькі дзён, яны расказалі, што хочуць з'ехаць з-за дрэнных умоў: некаторых пасялілі ў пакоі, якія патрабуюць капітальнага рамонту, а плаціць збіраліся толькі $500, хоць агенцтва міграцыі заяўляла, што ў дагаворах прадугледжаны заробак $900 – $1200.
15 ліпеня, калі скарга разляцелася па сацсетках, на сайце прэзідэнта Узбекістана выйшаў прэс-рэліз, дзе ён звярнуў увагу на становішча ўзбекскіх работнікаў у Беларусі і нагадаў пра неабходнасць выконваць дамоўленасці. На сустрэчы з кіраўніком Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым 8–9 ліпеня Аляксандр Лукашэнка абяцаў выдатныя ўмовы ўзбекскім работнікам у Беларусі.
Пазней мужчына на ўзбекскай мове запісаў відэазварот, дзе паведаміў, што гэта ён распаўсюджваў відэа са скаргамі, але яго «не так зразумелі», а цяпер увогуле ўсё добра – у Беларусі ў яго ёсць падпісаная дамова з заробкам у $700, а таксама працадаўца нібыта будзе даваць бясплатнае жыллё і харчаванне.