Украіна абвясціла вайну «ценяваму флоту» Расіі
- 23.07.2026, 16:56
Новая стратэгія Кіева ўжо мае прыкметны ўплыў.
Украіна рэзка ўзмацніла ўдары па расійскім «ценявым флоце», задзейнічаным у экспарце нафты ў абыход заходніх санкцый. Паводле ўкраінскага боку, толькі цягам апошніх двух сутак беспілотнікі атакавалі 13 суднаў у Азоўскім і Чорным моры, а сама кампанія атрымала назву «Кінетычныя санкцыі», піша 19FortyFive (пераклад — сайт Charter97.org).
Як паведаміў камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт «Мадзяр» Броўдзі, суднам, што працавалі ў інтарэсах Расіі, было прадэманстравана, што іх дзейнасць у рэгіёне больш нельга лічыць бяспечнай.
«Судны ценявага флоту былі папярэджаныя агнём на працягу 48 гадзін», — заявіў Броўдзі, словы якога цытуюць украінскія СМІ.
Паводле ўкраінскага камандавання, ад пачатку кампаніі беспілотнікі паразілі ўжо 126 суднаў у Азоўскім моры і яшчэ 70 — у Чорным. У публікацыі таксама адзначаецца, што Еўрапейскі саюз узмацняе ціск на расійскую лагістыку. Паводле паведамленняў СМІ, 20 ліпеня еўрапейскія сілы перахапілі адзін з танкераў, які адносяць да ценявага флоту.
«Кожны незаконны рэйс дапамагае фінансаваць расійскую ваенную машыну. Мы падмацоўваем санкцыі дзеяннямі на моры», — заявіла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас.
«Ценявы флот» быў створаны пасля ўвядзення краінамі G7 ліміту цэн на расійскую нафту. Для абыходу абмежаванняў выкарыстоўваюцца старыя танкеры, складаныя схемы змены ўладальнікаў і сцягоў, адключэнне сістэм ідэнтыфікацыі, а таксама перагрузка нафты з судна на судна.
Аналітыкі брытанскага Каралеўскага аб’яднанага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI) лічаць, што новая стратэгія Кіева ўжо мае прыкметны ўплыў на рынак. Паводле іх ацэнак, атакі «істотна павысілі кошт страхавання» суднаў, што перавозяць расійскую нафту, а сама кампанія скіраваная на тое, каб пазбавіць Маскву важнай крыніцы даходаў для фінансавання вайны.