BE RU EN

Еўрапейскі цэнтральны банк прадставіў новыя банкноты еўра

  • 23.07.2026, 22:12

Фотафакт.

Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ), адказны за выпуск агульнай валюты 20 краін ЕС, правёў папярэдні адбор канкрэтных матываў, якія могуць быць на іх выяўлены. У бліжэйшай будучыні купюры могуць упрыгожваць знакамітыя еўрапейцы, аб’екты культуры або прадстаўнікі свету прыроды, піша Deutsche Welle.

У канцы 2023 года ЕЦБ назваў два тэматычныя напрамкі для афармлення новых папяровых грашовых знакаў у еўразоне. Адзін з іх — важныя для еўрапейскай культуры і навукі асобы і аб’екты, другі — еўрапейскія птушкі і рачныя ландшафты. Да гэтага жыхары краін Еўрасаюза мелі магчымасць шляхам анлайн-галасавання выбраць усяго з сямі тэматычных блокаў — у ім узялі ўдзел больш за 365 тысяч чалавек. Для вызначэння будучай тэматыкі ў афармленні купюр таксама ўлічвалася меркаванне экспертаў, якія прадстаўляюць розныя дысцыпліны і еўрапейскія краіны.

Бетховен і да Вінчы або зімародак і шылаклюўка — на купюрах еўра

Тэма «Еўрапейская культура» прысвечана выбітным асобам, якія ўнеслі свой уклад у развіццё культурнай спадчыны Еўропы, а таксама культурнай дзейнасці і аб’ектам, якім адводзіцца важнае значэнне ў фарміраванні еўрапейскай ідэнтычнасці. Так, на купюры наміналам дзесяць еўра можа быць выяўлены нямецкі кампазітар Людвіг ван Бетховен, на адваротным баку — песенны фестываль. На 20 еўра могуць размясціць партрэт лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Марыі Кюры, на рэверсе — вучэбную аўдыторыю ў школе або ўніверсітэце. 100 еўра могуць упрыгожыць мастак і скульптар Леанарда да Вінчы і стрыт-арт — на адваротным баку.

Прыродны тэматычны напрамак адлюстроўвае ўстойлівасць і разнастайнасць прыродных экасістэм Еўропы. Розныя ўчасткі рэк і віды птушак будуць нагадваць пра важнасць захавання прыроды. Калі канчатковы выбар зробяць на карысць гэтай групы ілюстрацый, то на банкноце ў 10 еўра можа з’явіцца зімародак каля вадападу. Месца на купюры наміналам 20 еўра ўдастоіцца адна з самых ярка афарбаваных птушак Еўропы — залатая шчурка ў пясчаным валу шырокай рачной даліны. На 50 еўра з’явіцца белы бусел, а 100-эўравая банкнота будзе праілюстраваная шылаклюўкай, што шукае ежу на мелкаводдзі. На адваротным баку такіх купюр будуць выяўлены еўрапейскія інстытуты, якія нагадваюць пра асноватворныя каштоўнасці праекта «Еўропа», што ўключаюць у сябе ахову навакольнага асяроддзя: Еўрапарламент, Еўракамісія, ЕЦБ, Рада Еўропы і іншыя.

Навошта патрэбны рэдызайн банкнотаў еўра

«Новыя банкноты будуць сімвалізаваць нашу агульную ідэнтычнасць і разнастайнасць, якая робіць Еўропу моцнай», — патлумачыла кіраўніца ЕЦБ Крысцін Лагард. На наступным этапе Еўрапейскі цэнтрабанк вызначыць склад журы і абвесціць конкурс сярод дызайнераў у ЕС — гэта адбудзецца ўжо ў гэтым годзе. У 2026-м адабраныя эскізы павінны прадставіць грамадскасці, будзе апытана меркаванне жыхароў Еўропы. Затым будзе прынята канчатковае рашэнне адносна знешняга выгляду новых купюр. У абароце яны з’явяцца толькі праз некалькі гадоў.

Працэс рэдызайну банкнотаў быў ініцыяваны ў канцы 2021 года ЕЦБ. Рэгулярная распрацоўка новых серый банкнотаў неабходная для барацьбы з падробкай грошай. ЕЦБ таксама імкнецца скараціць шкоду для навакольнага асяроддзя — тэрмін службы новых банкнотаў павінен быць даўжэйшы.

Апошнія навіны