BE RU EN

Украінскія кіберспецыялісты збілі «найлепшы знішчальнік» Пуціна з дапамогай расійскай СПА

  • 23.07.2026, 22:37

З’явіліся нечаканыя падрабязнасці падзення Су-57 у Падмаскоўі.

Падзенне расійскага знішчальніка Су-57, які Уладзімір Пуцін называў «найлепшым у свеце», стала вынікам паспяховай кібераперацыі. Пра гэта паведаміў праект InformNapalm 23 ліпеня.

Пра падзенне самалёта паблізу падмаскоўнай вёскі Луціна падчас трэніровачнага палёту стала вядома сёння ўдзень. Мінабароны Расіі паведаміла, што «вучэбна-баявы самалёт упаў падчас узлёту». Паводле афіцыйнай версіі, прычынай катастрофы стала тэхнічная няспраўнасць. У той жа час расійскія правайсковыя блогеры меркавалі, што насамрэч самалёт быў збіты «сяброўскім агнём» СПА.

Праект InformNapalm паведаміў, што збіццё самалёта стала вынікам аперацыі HUMINT+CYBINT – спалучэння агентурнай разведкі і кіберразведкі, якая «ператварыла расійскі контур СПА ў інструмент паражэння ўласнай авіяцыі».

Так, 17 ліпеня праект пісаў, што спецыялісты прааналізавалі новы масіў матэрыялаў, перахопленых у расіян. Сярод іх былі стрымы з палігона, на якім рыхтавалі разлікі СПА «БАРС Масква» для супрацьдзеяння ўкраінскім дронам (на датычнасць гэтага падраздзялення да збіцця самалёта намякаў адзін з z-прапагандыстаў). На падставе гэтых матэрыялаў InformNapalm падрыхтаваў аналітычную запіску пра падрыхтоўку асабовага складу, праграмна-апаратны комплекс, алгарытмы баявой працы і выяўленыя ўразлівасці сістэмы «БАРС Масква» і перадаў яе Сілам абароны Украіны.

«Расія стварала «БАРС Масква», каб абараняць сталічны рэгіён ад украінскіх дальнабойных дронаў. У выніку адзін з яе разлікаў дапамог збіць з неба расійскі Су-57», – падсумавалі ў InformNapalm.

Апошнія навіны