BE RU EN

Чаму Трамп рэзка змяніў стаўленне да Зяленскага?

  • 28.07.2026, 11:17

СМІ раскрылі тры прычыны.

Украінскія ўлады і іх саюзнікі ў ЗША цягам некалькіх месяцаў вялі мэтанакіраваную кампанію, спрабуючы змяніць стаўленне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і яго найбліжэйшага атачэння да Украіны. The Times раскрылі падрабязнасці падрыхтоўкі да новай сустрэчы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прэзідэнта ЗША ў Авальным кабінеце (пераклад — сайт Charter97.org).

Адзін з самых прыкметных эпізодаў — паездка ў Кіеў амерыканскай кансерватыўнай актывісткі Лаўры Лумер, якая раней неаднаразова крытыкавала Украіну і называла яе краінай «поўнай нацыстаў». Пасля візіту яна публічна адмовілася ад сваіх ранейшых заяў, заявіўшы, што «паддалася расійскай прапагандзе».

Асаблівую ўвагу прыцягнула рэакцыя Трампа. Ён зрабіў рэпост фрагмента размовы Лумер з каментарыем «цудоўна!!!», што, паводле меркавання выдання, стала падставай для асцярожнага аптымізму сярод прыхільнікаў Кіева.

Важную ролю ў кампаніі адыграла арганізацыя «Ukraine Freedom Project», заснаваная былым супрацоўнікам Рэспубліканскай партыі Стывенам Мурам. Яе прадстаўнікі арганізоўвалі паездкі амерыканскіх кансерватыўных лідараў ва Украіну, знаёмячы іх з вайскоўцамі, валанцёрамі і прадстаўнікамі рэлігійных абшчын. Мэтай было абвергнуць распаўсюджаныя сярод часткі прыхільнікаў MAGA сцверджанні пра «нацыстаў» і «пераслед хрысціянаў».

Асобны акцэнт быў зроблены на рэлігійнай аўдыторыі, традыцыйна блізкай да электарату Трампа. Адной з ключавых гісторый стаў аповед баптыста Сяргея Гайдаржы, які пазней быў прадстаўлены спікеру Палаты прадстаўнікоў Майку Джонсану. Неўзабаве пасля гэтага ён вынес на галасаванне пакет дапамогі Украіне на $60 млрд.

«Пасля мінулых памылак Кіеў скарэктаваў сваю стратэгію», — перакананыя аўтары. Цяпер Уладзімір Зяленскі імкнецца гаварыць з амерыканскім лідарам на мове, якая будзе зразумелая асабіста Дональду Трампу, а адным з цэнтральных тэзісаў кампаніі стаў просты пасыл — «Пуцін — лузер».

Нагадаем, Зяленскі і Трамп сустрэцца ў Белым доме 28 ліпеня. Час іх сустрэчы ўжо вядомы.

Апошнія навіны