Найгоршы кашмар Пуціна
- 28.07.2026, 17:32
Украіна адбылася як дэмакратыя.
Масавыя пратэсты, што ахапілі Кіеў і іншыя гарады Украіны пасля адстаўкі міністра абароны Міхаіла Фёдарава, сталі найбуйнейшым унутрыпалітычным крызісам з пачатку поўнамаштабнай вайны. Гэтыя падзеі дэманструюць, што ўкраінскае грамадства захоўвае здольнасць уплываць на ўладу нават ва ўмовах узброенага канфлікту — і менавіта гэта выклікае асаблівую трывогу ў Крэмлі, піша Atlantic Council (пераклад — сайт Charter97.org).
Акцыі пачаліся пасля рашэння прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага адправіць у адстаўку 35-гадовага Фёдарава, якога многія звязвалі з развіццём украінскіх беспілотных тэхналогій і рэформамі ў абароннай сферы. Паводле звестак выдання, гэтае рашэнне выклікала хвалю крытыкі з боку ветэранаў, студэнтаў, валанцёраў, антыкарупцыйных актывістаў і часткі палітыкаў.
«Тысячы людзей сабраліся на мірныя, але рашучыя акцыі, заявіўшы, што не спыняць пратэсты, пакуль іх не пачуюць», — пішуць аўтары.
На фоне грамадскага ціску Зяленскі неўзабаве абвясціў пра прызначэнне генерала Міхаіла Драпатага новым галоўнакамандуючым ЗСУ. Гэты крок многія ўспрынялі як спробу ўлічыць патрабаванні пратэстоўцаў і правесці даўгачаканае абнаўленне ваеннага кіраўніцтва.
«Тое, што адбываецца, рэзка кантрастуе з палітычнай сітуацыяй у Расіі. Пуцін успрымае масавыя грамадзянскія выступленні як адну з галоўных пагроз сваёй уладзе. Нядаўняя хваля пратэстаў ва Украіне стала для Пуціна і Крэмля непрыемным напамінам пра тое, чаму яны ўвогуле пачалі вайну», — гаворыцца ў публікацыі.
Пазіцыю расійскага лідара звязваюць з яго досведам распаду СССР і падзеямі Аранжавай рэвалюцыі 2004 года, пасля якой, як сцвярджаецца, Украіна пачала ўспрымацца Крэмлём як патэнцыйны прыклад дэмакратычных перамен для самой Расіі.
Менавіта страх перад паспяховай дэмакратычнай Украінай застаецца адным з ключавых фактараў, што вызначаюць палітыку Масквы ў дачыненні да суседняй краіны.