BE RU EN

Пенсіянерка з Піншчыны пайшла ў лес і знікла

  • 28.07.2026, 19:00

Яе цягам двух тыдняў шукалі з квадракоптарамі і сабакамі.

Знойдзена 67-гадовая Ніна Куніцкая, якая знікла яшчэ 14 ліпеня пасля таго, як пайшла ў лес па ягады. Яе знайшлі ў суседнім раёне, паведамілі ва УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Ніна Куніцкая 14 ліпеня пайшла з дому па ягады ў лес паблізу вёскі Плоскінь Пінскага раёна, пасля гэтага пра яе месцазнаходжанне не было вядома. 28 ліпеня яе знайшлі жыхары вёскі Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна.

«Дзякуючы шырокаму інфармаванню грамадскасці, жанчына паспяхова знойдзена. З ёй усё ў парадку, яе жыццю і здароўю нічога не пагражае. У бліжэйшы час яна будзе перададзена сваякам», — паведамілі ў міліцыі.

Пошукамі 67-гадовай пенсіянеркі займаліся каля 400 міліцыянераў, ратавальнікаў, ляснікоў і валанцёраў. Удзел прымалі і мясцовыя жыхары, прыцягваліся вадалазы, квадрацыклы, квадракоптары, цеплавізары і службовыя сабакі.

Апошнія навіны