Кіпр стане пастаўшчыком газу для Еўропы
- 29.07.2026, 4:58
Eni і TotalEnergies запускаюць новае радовішча.
Французская энергетычная кампанія TotalEnergies і італьянская Eni прынялі канчатковае інвестыцыйнае рашэнне аб распрацоўцы газавага радовішча Cronos на шэльфе Кіпра. Пра гэта паведамілі прэс-службы абедзвюх кампаній.
Радовішча Cronos было адкрыта ў 2022 годзе, а яго запасы былі пацверджаныя ў 2024 годзе. Для кампаній гэта першы праект па распрацоўцы радовішчаў на Кіпры, а для самой краіны — першы праект па здабычы вуглевадародаў.
Новае газавае радовішча размешчана ў глыбакаводнай частцы шэльфа Кіпра (Блок 6), прыблізна ў 185 кіламетрах ад узбярэжжа. Першапачатковыя запасы газу на радовішчы ацэньваюцца ў больш як 3 трыльёны кубічных футаў (85 млрд куб. м).
Газ будуць здабываць з чатырох падводных свідравін. Затым па падводным трубаправодзе яго будуць транспартаваць у Егіпет, дзе будуць перапрацоўваць на ўжо існуючых магутнасцях радовішча "Зохр", а ў наступным — звадкоўваць на тэрмінале Damietta LNG для экспарту на міжнародныя рынкі, перадусім у Еўропу.
«Паскораная рэалізацыя праекта Cronos з'яўляецца важным крокам на шляху да ператварэння Кіпра ў еўрапейскага вытворцу і экспарцёра газу. Яна таксама стварае перадумовы для фарміравання рэгіянальнага газавага хаба ва Усходнім Міжземнамор'і дзякуючы выкарыстанню наяўнай егіпецкай інфраструктуры для здабычы і транспартавання вуглевадародаў», — заявіў галоўны выканаўчы дырэктар Eni Клаўдыё Дэскальцы.
«Новы маршрут паставак газу праз Міжземнае мора будзе спрыяць умацаванню энергетычнай бяспекі Еўропы дзякуючы дыверсіфікацыі крыніц паставак ЗПГ», — адзначыў старшыня праўлення і генеральны дырэктар TotalEnergies Патрык Пуянэ.