Удары Украіны вывелі з ладу больш за 15% складаў Wildberries
- 29.07.2026, 15:08
Выніковасць уражвае.
Узброеныя сілы Украіны (ЗСУ) за паўтары тыдні вывелі з ладу восем складаў Wildberries агульнай плошчай каля 860 тыс. кв. метраў. Гэта 15,4% усіх складскіх памяшканняў маркетплэйса (5,6 млн кв. метраў), падлічыла «Верстка».
Найбольшай стратай для кампаніі стаў склад у падмаскоўнай Электрасталі — пасля атакі 18 ліпеня на аб’екце выгарэла 250 тыс. кв. метраў, а таксама загінуў адзін супрацоўнік. Яшчэ каля 170 тыс. кв. метраў складскіх памяшканняў трапілі пад удар беспілотнікаў раніцай 29 ліпеня ў Рязані. Судзячы па фота і відэа, лагістычны цэнтр быў цалкам ахоплены агнём.
Таксама пасля атак дронаў згарэлі яшчэ чатыры склады плошчай ад 100 да 108 тыс. кв. метраў: у Катаўску Тамбоўскай вобласці, Краснадары, Нявіннамыску Стаўрапольскага краю і пецярбургскім раёне Шушары. Пры ўдарах па першых двух аб’ектах загінулі восем чалавек. Акрамя таго, пажар на складах Wildberries пасля удараў беспілотнікаў узнік у раёне Ўткіна Заводзь (16,9 тыс. кв. метраў) у Ленінградскай вобласці і анексаваным Сімферопалі (6 тыс. кв. метраў). Яшчэ чатыры атакі ЗСУ на лагістычныя цэнтры маркетплэйса абышліся без узгаранняў. Гэта ўдары па аб’ектах у падмаскоўным Каледзіне, Екацярынбургу, Варонежы і Зяленадольску ў Татарстане.
Прадстаўнік Wildberries раней казаў «Коммерсанту», што лагістычным цэнтрам у Электрасталі, Катаўску, Краснадары і Нявіннамыску спатрэбіцца поўнае аднаўленне. Крыніцы выдання на рынку нерухомасці ацэньвалі будаўніцтва такіх жа чатырох складаў без уліку абсталявання ў 35,5 млрд руб. Кіруючы партнёр Umbrella Consulting Group Кірыл Агапаў называў істотнай стратай для маркетплэйса скарачэнне лагістычных магутнасцяў і папярэджваў, што гэта адаб’ецца на тэрмінах дастаўкі тавараў. Пры гэтым кіраўнік Асацыяцыі прадстаўнікоў электроннага гандлю Аляксей Маскаленка адзначаў, што страта цэнтра ў Падмаскоўі ўдарыць па імпартных патоках.
На гэтым фоне Wildberries пачаў шукаць вольныя склады, але ўладальнікі аб’ектаў не гатовыя падпісваць новыя дамовы арэнды з маркетплэйсам з-за рызыкаў атак дронаў, казалі крыніцы «Коммерсанта» на рынку. Таксама, паводле іх слоў, маркетплэйс шукае складскія памяшканні ў Казахстане агульнай плошчай 100 тыс. кв. метраў, каб абараніць частку сваіх магутнасцяў ад удараў. Акрамя таго, паводле звестак крыніц Reuters, уладальніца Wildberries Тацьцяна Кім папрасіла падтрымкі ўрада. У прыватнасці, яна абмяркоўвае падатковыя льготы, якія павінны дапамагчы маркетплэйсу разлічыцца з пацярпелымі прадпрымальнікамі.