Bentley рыхтуе першы электрамабіль
- 29.07.2026, 15:50
Ён захавае стагодовую традыцыю маркі.
Кампанія Bentley рыхтуе свой першы цалкам электрычны аўтамабіль Torcal, але пераход у новую эпоху не стане адмовай ад фірмовай спадчыны. Брытанская марка вырашыла захаваць адзін з самых пазнавальных элементаў дызайну — ромбавідны матыў, які з’явіўся яшчэ ў 1920-х гадах, піша Autoblog (пераклад — сайт Charter97.org).
Bentley пакуль прыкметна адстае ад канкурэнтаў у сегменце электрамабіляў класа люкс. Кампанія перанесла тэрміны поўнага пераходу на электрычную цягу з 2030 на 2035 год з-за зніжэння попыту на дарагія электракары.
У новым тызеры вытворца паказаў, што Torcal атрымае «плаваючую» ромбавідную рашотку, натхнёную старымі радыятарнымі рашоткамі Bentley. Амаль стагоддзе таму такая канструкцыя абараняла высокія радыятары аўтамабіляў ад камянёў і дарожнага смецця.
«Ромбавідны ўзор стаў часткай ДНК Bentley і цяпер будзе пераасэнсаваны для сучаснай электрычнай эпохі», — адзначае кампанія.
З цягам часу гэты элемент дызайну перамясціўся ў салон аўтамабіляў маркі, з’явіўшыся на перамыкачах і дэкаратыўных дэталях. Акрамя эстэтыкі, апрацаваны ромбавідны ўзор паляпшае счапленне з паверхнямі.