BE RU EN

У Мінску пачынаюць заочна судзіць Сяргея Міхалка

  • 29.07.2026, 16:16

Музыканта абвінавачваюць у «абразе» Лукашэнкі і «распальванні варожасці».

Мінскі гарадскі суд планаваў на 29 ліпеня пачатак разгляду справы супраць спевака Сяргея Міхалка, паведамляе «Белсат». Справу рыхтавалі ў так званым парадку спецыяльнай вытворчасці — суд будзе заочным.

54-гадоваму Сяргею Міхалку інкрымінаваныя ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Распальванне варожасці») і ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»). У студзені 2025 года стала вядома, што Міхалок у вышуку ў Беларусі. Тады яго абвінавачвалі толькі ў «абразе» Лукашэнкі. На стэндзе «Іх вышуквае міліцыя» побач з Міхалком быў камік Слава Камісарэнка, якога шукалі за тую ж «абразу» Лукашэнкі, а таксама за «паклёп» на Лукашэнку і «распальванне варожасці».

Сяргей Міхалок — лідар гуртоў «Ляпіс Трубяцкі», Brutto і Drezden. Ён даўно пакінуў Беларусь: у 2011 годзе з'ехаў у Расію пасля пагрозы ўзбуджэння крымінальнай справы за «абразу» Лукашэнкі. У канцы 2014 года пераехаў ва Украіну. У 2020-м Уладзімір Зяленскі надаў Міхалку званне заслужанага артыста Украіны. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне спеўак пераехаў у Эстонію, выступаў у Еўропе. Апошні на гэты момант канцэрт даў у Лондане.

Пра пратэсты на радзіме Міхалок выказваўся неадназначна, аднак паслядоўна крытыкаваў Лукашэнку і нават заявіў, што не будзе выступаць у Беларусі да поўнай змены ўлады.

Пра заочны суд Міхалок на момант публікацыі не выказваўся.

Апошнія навіны