Моладзь Індыі нанесла першы сур'ёзны ўдар па ўладзе Мадзі
- 29.07.2026, 17:59
Гэта найбольшая маладзёжная хваля пратэстаў больш як за дзесяць гадоў.
Індыя сутыкнулася з найбольшай маладзёжнай хваляй пратэстаў больш як за дзесяць гадоў. Прычынай стаў чарговы скандал з нацыянальным экзаменам для паступлення ў медыцынскія ВНУ, які давялося адмяніць пасля ўцечкі заданняў і прызначыць паўторную здачу для мільёнаў абітурыентаў, піша часопіс TIME (пераклад — сайт Charter97.org).
Незадаволенасць хутка выйшла далёка за межы адукацыйнай рэформы. Каталізатарам стала заява старшыні Вярхоўнага суда Сурыі Канта, які назваў беспрацоўную моладзь «тараканамі». У адказ індыйскі студэнт з Бостана Абхіджыт Дыпке стварыў сатырычную «Партыю тараканаў», якая ўсяго за некалькі тыдняў сабрала каля 20 мільёнаў падпісчыкаў у Instagram.
У канцы чэрвеня да руху далучыліся вядомы грамадскі дзеяч Сонам Вангчук і студэнцкія лідары, якія пачалі галадоўку з патрабаваннем адстаўкі міністра адукацыі. Праз 21 дзень пратэсту паліцыя сілай разагнала лагер, што толькі ўзмацніла грамадскае абурэнне. Праз некалькі дзён міністр пакінуў сваю пасаду.
«Пратэсты адлюстроўваюць значна больш глыбокі крызіс», — лічаць эксперты. Каля 40% індыйцаў з вышэйшай адукацыяй маладзей за 25 гадоў не могуць знайсці працу, а сістэма адукацыі ўсё часцей становіцца аб'ектам крытыкі. «Эканамічны рост Індыі не здолеў забяспечыць моладзь працоўнымі месцамі і дабрабытам», — піша TIME.
Урад паспрабаваў падавіць пратэсты звыклымі метадамі — ужываннем сілы, слезацечнага газу і адключэннем інтэрнэту. Аднак гэтым разам, як пішуць аўтары, маладыя індыйцы здолелі сфармаваць новы палітычны парадак дня, заснаваны на патрабаваннях падсправаздачнасці ўлады, а не на былых ідэалагічных лозунгах. Нягледзячы на наступныя арышты і ціск на актывістаў, эксперты лічаць, што пратэстны рух ужо змяніў палітычны ландшафт краіны.