У Гродне і Лідзе 30 ліпеня будуць выбухі і стрэлы, а таксама перакрыюць рух
- 29.07.2026, 18:35
МУС праводзіць вучэнні.
Камандна-штабныя вучэнні МУС у сераду, 29 ліпеня, пачаліся на Гродзеншчыне. Яны працягнуцца два дні, 30 ліпеня будуць праводзіцца практычныя заняткі, у сувязі з чым магчымыя часовыя нязручнасці для грамадзян, папярэдзіла прэс-служба сілавога ведамства.
У сувязі з вучэннямі ў Гродне з’ехалася міліцэйскае начальства: у мерапрыемстве ўзялі ўдзел першы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Назарэнка, намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпенкаў.
«У межах першага дня КШВ мадэляваліся розныя варыянты развіцця аператыўнай абстаноўкі, прапрацоўваліся і аналізаваліся алгарытмы рэагавання. Асаблівы акцэнт зроблены на праверцы зладжанасці ўзаемадзеяння зацікаўленых дзяржаўных структур», — заявілі ў прэс-службе МУС.
Другі этап запланаваны на заўтра, 30 ліпеня. Практычныя заняткі будуць праводзіцца на вуліцы Чырвонаармейскай у Гродне, на вуліцы Лётнай у Лідзе, на паўночным уездзе ў Вялікую Бераставіцу.
«У сувязі з практычнымі заняткамі ў пазначаных месцах часова будзе абмежаваны рух транспарту, а таксама магчыма выкарыстанне імітацыйных сродкаў, стрэлаў і выбухаў. Просім грамадзян з разуменнем паставіцца да часовых нязручнасцяў. Мы працуем дзеля вашай бяспекі!» — сцвярджаюць у ведамстве.