«Тэмпы наступу Узброеных сіл РФ знізіліся ў разы»
- 29.07.2026, 22:54
Ваенныя аналітыкі — пра тое, як цягам лета змяніліся ход і характар вайны ва Украіне.
Украінскія гарады Канстанцінаўка, Ліман, Добраполье сталі сімвалам абароны Украіны гэтым летам — менавіта там сканцэнтраваны асноўны ўдар Узброеных сіл РФ. А на поўдні краіны — у Запарожскай вобласці, каля Арэхава, Гуляйполя і Навасёлаўкі, — аналітыкі фіксуюць прасоўванне ўкраінскіх войскаў, піша «Настоящее время».
«Пад кіраўніцтвам ужо Драпатага прасунуліся прыблізна на 25 кіламетраў. Гэта вельмі вялікая адлегласць у цяперашняй вайне. За ліпень мы вызвалілі столькі тэрыторыі, колькі ворагу ўдалося захапіць. У нас парытэт. І гэта вымяраецца 25–30 кіламетрамі», — кажа ваенны аналітык Алексей Гетьман.
У цэлым, з пачатку года Узброеныя сілы Украіны вызвалілі каля 700 квадратных кіламетраў тэрыторыі. Узброеныя сілы РФ захапілі прыблізна столькі ж. Гэта галоўны вынік летняй ваеннай кампаніі, кажуць аналітыкі: Украіна дагэтуль абараняецца, пра пераход да глабальнага наступу гаварыць не прыходзіцца. Але захапіць Славянска-Краматорскую агламерацыю да канца лета расійскай арміі не ўдасца — яе тэмпы наступу скараціліся.
«Калі параўнаць з тым, што было год таму або больш, — разоў у дзесяць. Ці нават больш. Па вялікім рахунку, на Канстанцінаўскім і Ліманскім напрамках вычэрпваюцца тыя рэсурсы, якія выдзяляліся стратэгічна. Лета заканчваецца. Фактычна першая задача не выканана», — кажа ваенны аналітык Павел Лакийчук.
Павольнае прасоўванне абедзвюх армій, у прыватнасці, абумоўлена спецыфікай вайны. Дроны зрабілі немагчымымі рэзкія прасоўванні. Менавіта з паветранымі атакамі шмат якія аналітыкі звязваюць падзенне тэмпаў расійскага наступу. Сёлета ўлетку Украіна павялічыла колькасць мідл-страйкаў (ад англ. middle strike — «ўдар на сярэдняй дыстанцыі». — Заўв. «НВ») па тылах расійскай арміі, што ўскладняе ўсю лагістыку, і дып-страйкаў (ад англ. deep strike — «ўдар у глыбіню». — Заўв. «НВ») па тэрыторыі Расіі.
«Дып-страйкі перашкаджаюць дастаўляць паліва і ўсё неабходнае ў аператыўныя тылы, — тлумачыць ваенны аналітык Денис Попович. — І цяпер мы можам казаць, што на фронце ёсць дэфіцыт паліва, перадусім бензіну. З дызелем паводле спецыфікі расійскай перапрацоўкі справы прасцей. А вось з бензінам вялікія праблемы. Усе кажуць, што армія спажывае дызель — гэта праўда. Але бензін патрэбны для генератараў. А генератары патрэбныя на пярэднім краі, каб зараджаць батарэі, каб зараджаць дроны, рацыі».
Другі момант, у якім сыходзяцца ваенныя аналітыкі: вайна стала танней. Каб паразіць умоўны склад за 200 кіламетраў ад лініі фронту, больш не патрэбная ракета за некалькі сотняў тысяч долараў. Гэта пацвярджаюць і ў кампаніі-вытворцы ўкраінскіх ракет і дронаў Firepoint.
«Мэтай было стварыць прадукт, які будзе просты, зразумелы, які лёгка паўтараецца і не будзе патрабаваць месяцаў трэнінгаў. У нашым выпадку свежы погляд на індустрыю, на тое, як павінны рабіцца некаторыя рэчы, дапамог нам значна знізіць цану на рынку і паказаць, што можна дасягаць тых жа вынікаў, але з большай хуткасцю і пры меншым кошце», — кажа CEO кампаніі Ирина Терех.
Дронным атакам, дадае яна, спрыяе маштаб расійскай тэрыторыі: закрыць яе сродкамі СПА немагчыма. Над краінай і анексаваным Крымам у 2026 годзе збілі больш дронаў, чым за тры папярэднія гады, падлічыла выданне «Праект».
І нафтаперапрацоўчая галіна — не адзіная мэта БПЛА, кажа кіраўнік Firepoint Денис Штилерман.
«Нам трэба дабіць Wildberries і Ozon: калі мы іх пакладзём, гэта непазбежна прывядзе да абвалу велізарнай колькасці банкаў. Гэта парушэнне ўсталяванага побыту, абвал дзясяткаў тысяч бізнесаў, якія падаткамі ўтрымліваюць гэтую армію, гэтага вар’ята [прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна] і патураюць імперскім амбіцыям Расіі», — перакананы ён.
Паводле слоў Штилермана, да канца года Украіна плануе вырабляць па чатыры балістычныя ракеты на дзень. Украінская балістыка цяпер на фінальных этапах тэставання.
Ваенныя эксперты ўпэўненыя: гэта будзе істотным аргументам ужо падчас зімовай ваеннай кампаніі.