BE RU EN

Неадваротны працэс

  • Юрый Фядарэнка
  • 30.07.2026, 12:50

Як Пуцін пазбавіўся свайго галоўнага козыра.

Любыя дыпламатычныя дзеянні, звязаныя з так званымі мірнымі перамовамі, пакідаюць большасць украінцаў абыякавымі або нават выклікаюць раздражненне. Гэта натуральна: мы разумеем, што да справядлівага міру яшчэ далёка. Аднак асобныя падзеі ўсё ж маюць асаблівае значэнне, бо яны ўплываюць на расклад сіл у сусветнай палітыцы. Адна з іх — сустрэча прэзідэнтаў Украіны і ЗША ў Белым доме.

Пра яе выключную важнасць сведчыць многае. Перш за ўсё — склад удзельнікаў. Гаворка ішла не пра цырыманіяльнае мерапрыемства, а пра размову людзей, якія прымаюць рэальныя рашэнні. Дык вось, акрамя Уладзіміра Зяленскага, у склад украінскай дэлегацыі ўвайшлі: кіраўнік Афіса прэзідэнта Кірыл Буданаў, яго першы намеснік Сяргей Кысліца, намеснік кіраўніка Афіса прэзідэнта Украіны Паўел Паліса, сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Рустэм Умераў, міністр замежных спраў Андрэй Сыбіга, кіраўнік парламенцкай фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія; пасол Украіны ў ЗША Вольга Сцяфанішына.

Не менш паказальным быў і склад амерыканскай дэлегацыі. Акрамя Дональда Трампа, у сустрэчы ўдзел узялі дзяржаўны сакратар Марка Рубіо, міністр абароны Піт Хегсет, міністр фінансаў Скот Бэсент, старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў генерал Дэн Кейн і кіраўніца апарата Белага дома Сюзі Уайлз. Цікавая дэталь: віцэ-прэзідэнта Джэя Дзі Вэнса, які ў свой час публічна спрачаўся з Уладзімірам Зяленскім, сярод удзельнікаў не было.

Улічваючы склад дэлегацый, можна амаль напэўна сказаць, што асноўнымі тэмамі перамоваў былі вайна і фінансы. Сустрэча цягнулася больш за гадзіну — гэта нямала, улічваючы шчыльны графік Белага дома. Канкрэтныя рашэнні бакі не абнародавалі, але няма сумневаў, што яны былі прыняты. Ускосным пацвярджэннем гэтага стала тое, што ўжо ў той жа дзень Сенат ЗША падчас працэдурнага галасавання падтрымаў законапраект аб санкцыях супраць Расіі, аўтарам якога быў спачылы сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм.

Гэта сур'ёзны дакумент, які яшчэ павінен прайсці заканадаўчую працэдуру. Варта нагадаць, што законапраект быў унесены яшчэ вясной 2025 года і атрымаў неафіцыйную назву «драконаўскія санкцыі». Праект прадугледжвае надзвычай жорсткія мыты не толькі супраць Расіі, але і супраць яе ключавых гандлёвых партнёраў, перадусім Кітая і Індыі. Фактычна ініцыятыва Грэма надае прэзідэнту ЗША права ўводзіць такія абмежаванні. Калі гэты механізм будзе рэалізаваны, яго эканамічны эфект можа пераўзысці ўсе папярэднія санкцыйныя пакеты. У спалучэнні з украінскімі «далёкабійнымі санкцыямі» ўсё гэта здольна стаць камбінаваным ударам па расійскай эканоміцы, ад якога яна ўжо не апраўіцца.

Акрамя таго, бакі абмяркоўвалі ўмацаванне ўкраінскай СПА, магчымасць паставак пэўнай колькасці ракет-перахопнікаў да зімы, а таксама перадачу Украіне ліцэнзіі на ўласную вытворчасць ракет для ЗРК «Patriot». На пачатку ліпеня Дональд Трамп ужо заяўляў пра гатоўнасць даць такую ліцэнзію. Відавочна, цяпер настаў час перайсці ад палітычнай заявы да практычнай рэалізацыі гэтай вельмі важнай ініцыятывы.

Пасля сустрэчы амерыканскія СМІ таксама паведамілі, што спецпасланнікі ЗША Стыў Віткоф і Джарэд Кушнер наведаюць Кіеў, пасля чаго накіруюцца ў Маскву з прапановамі, узгодненымі ўкраінскім і амерыканскім бакамі.

Сустрэчу ў Белым доме цалкам можна назваць дыпламатычным прарывам Украіны. Яе галоўны вынік заключаецца нават не ў асобных рашэннях, а ў сігнале, які атрымаў увесь свет: Злучаныя Штаты робяць стратэгічную стаўку на Украіну.

Так было далёка не заўсёды. На працягу доўгага часу Маскве ўдавалася даволі паспяхова маніпуляваць амерыканскай палітыкай у цэлым і Дональдам Трампам у прыватнасці. Нявыпадкова нават з'явіўся жарт, што галоўны актыў Пуціна — гэта Дональд Трамп. Учора гэты жарт перастаў быць актуальным. Падобна на тое, што больш ніхто з сур'ёзных геапалітычных гульцоў не робіць стаўку на Пуціна. Свет ужо рыхтуецца да новага перагаворнага марафону, які, хутчэй за ўсё, адбудзецца восенню. Невядома, чым завершацца гэтыя перамовы. Але становіцца ўсё больш відавочным, чым завершыцца сама эпоха пуцінскага кіравання — крахам так званай «Расійскай Федэрацыі».

Неадваротны працэс дэградацыі недаімперыі даўно пачаўся і прайшоў некалькі этапаў. Мы робім усё, каб як мага хутчэй наступіла яго фінальная стадыя. Гэта нялёгка, але мы дакладна справімся. Трымаемся. Слава Украіне!

Юрый Фядарэнка, «Фэйсбук»

Апошнія навіны