Жыхарам Забайкалля пачалі прапаноўваць запраўляцца ў Кітаі
- 5.07.2026, 15:38
Такую паслугу пачалі прапаноўваць на фоне дэфіцыту паліва.
У чатах гарадоў Забайкальскага краю з'явіліся дзясяткі аб'яў пра запраўку аўтамабіляў у Кітаі, на гэта звярнулі ўвагу «Осторожно, новости». Такую паслугу пачалі прапаноўваць на фоне дэфіцыту паліва. У прыватнасці, жыхарам Забайкальска і Чыты абяцаюць перагнаць аўтамабіль у кітайскую Маньчжурыю, запраўіць яго і вярнуць уладальніку.
Кошт паліва ў аб'явах вагаецца ад 66 рублёў за літр дызеля (пры аплаце ў юанях) да 97 рублёў за літр бензіну АІ-95. Таксама можна запраўляць каністры аб'ёмам да 10 літраў, аднак іх вываз праз кітайскую мытню не гарантуецца.
Забайкальскі край ад 25 чэрвеня перажывае востры дэфіцыт паліва. У рэгіёне дзейнічае рэжым падвышанай гатоўнасці, продаж бензіну фізічным асобам абмежаваны 15 літрамі ў суткі, а на запраўках утвараюцца шматкіламетровыя чэргі, якія бачны нават з космасу.
1 ліпеня ўрад Забайкальскага краю назваў сітуацыю з забеспячэннем палівам «надзвычай напружанай». Губернатар рэгіёна Аляксандр Асіпаў распавёў, што людзі стаяць па бензін «суткамі», паабяцаў увесці электронныя чэргі, актыўней прыцягваць паліцыю да кантролю за выкананнем парадку на АЗС і арганізаваць гарачае харчаванне і падвоз вады.
У межах барацьбы з паліўным крызісам краёвае кіраўніцтва таксама планавала абмежаваць рух усіх грузавікоў, акрамя бензавозаў, па тэрыторыі рэгіёна і праз памежны пераход «Забайкальск» — адзін з ключавых маршрутаў імпарту тавараў з Кітая. Аднак пасля ўмяшання федэральных уладаў гэтыя планы былі адменены.
Да ліпеня збоі з пастаўкамі бензіну і дызеля, што ўзніклі з-за ўкраінскіх атакаў на нафтаперапрацоўчыя заводы, закранулі практычна ўсю Расію. Афіцыйныя абмежаванні на продаж паліва дзейнічаюць у 41 рэгіёне, падлічыла агенцтва Reuters.
Раней стала вядома, што расіяне пачалі ездзіць па бензін у Казахстан, улады якога былі вымушаныя ўзмацніць кантроль на мяжы для спынення вывазу паліва. У памежных раёнах кругласутачна працуюць мабільныя патрулі, а аўтацыстэрны і бензавозы падвяргаюцца пільным праверкам. За апошнія два дні на пунктах пропуску была спыненая 61 спроба вывазу больш за тры тонны гаручага ў дадатковых баках і каністрах, распавёў намеснік міністра фінансаў Казахстана Ержан Біржанаў.
У Казахстане літр бензіну каштуе каля 300–350 тэнге (45–55 рублёў), тады як сярэдняя цана АІ-95 у Расіі складае 74,4 рубля за літр. Пры гэтым на фоне паліўнага крызісу кошт гаручага на некаторых АЗС ужо перавышае 100 рублёў.