Найбуйнейшы нафтахімічны завод Расіі спыніўся пасля атакі дронаў
- 11.08.2026, 17:27
Вытворчасць спыненая на нявызначаны тэрмін.
Завод «Запсібнафтэхім» «Сібура» ў Цюменскай вобласці, найбуйнейшы нафтахімічны комплекс Расіі, які штогод выпускае 2,5 млн тон палімероў, а таксама 40% агульнага выпуску звадкаваных вуглевадародных газаў (СУГ) у краіне, спыніў працу пасля атакі БПЛА, паведамляе The Moscow Times.
Размешчаны ў Табольску завод, які будавалі ў 2012–20 гг. пры падтрымцы нямецкай Linde AG і на які выдзелілі амаль $2 млрд з Фонду нацыянальнага дабрабыту, спыніў вытворчасць 10 жніўня, паведамілі Reuters тры крыніцы ў галіне. «Завод спынены на нявызначаны тэрмін, — сказаў адзін з суразмоўцаў агенцтва. — Ідзе разбіральніцтва з наступствамі і пашкоджаннямі».
З 11 жніўня завод перастаў прадаваць Санкт-Пецярбургскай таварна-сыравіннай біржы партыі прапан-бутану, якія раней рэалізоўваў у аб'ёме 4 тыс. тон у дзень. Паводле ацэнак крыніц Reuters, «Запсібнафтэхім» штогод выпускае 6 млн тон СУГ, палову з якіх, праўда, спажывае сам — для выпуску базавых палімероў. На заводзе занята больш за 3 тысячы чалавек.
10 жніўня цюменскі губернатар Аляксандр Моор паведаміў пра пажар на тэрыторыі прамысловага прадпрыемства ў вобласці ў выніку атакі БПЛА, але не ўдакладніў, які менавіта аб’ект трапіў пад удар. Аналітыкі OSINT устанавілі, што на заводзе пацярпела цэнтральная газафракцыянацыйная ўстаноўка (ЦГФУ), здольная перапрацоўваць 3,8 млн тон сыравіны ў год. Агульная магутнасць прадпрыемства складае 8 млн тон у год.