«Азоў» разграміў расійскую калону
- 11.08.2026, 20:35
Атака беспілотнікаў трапіла на відэа.
Калона колавай тэхнікі расійскіх акупантаў паспрабавала незаўважна прасунуцца на адлегласці 20 км ад лініі фронту, аднак украінскія абаронцы выявілі яе і знішчылі. Пра гэта паведаміла 12-я брыгада спецыяльнага прызначэння «Азоў» Нацыянальнай гвардыі Украіны ў сацыяльнай сетцы Facebook.
У брыгадзе падкрэслілі, што для іх аператараў БПЛА дыстанцыя да праціўніка перастала быць перашкодай: амаль у 20 кіламетрах ад лініі баявога сутыкнення расіяне паспрабавалі перакінуць тэхніку калонай, разлічваючы на бяспеку такой адлегласці.
Аднак, як адзначылі ўкраінскія байцы, разлік акупантаў не апраўдаўся.
«Батальён беспілотных сістэм 12-й брыгады спецыяльнага прызначэння «Азоў» чарговы раз даказвае — зона дзеяння будзе прасоўвацца яшчэ глыбей у тыл. Бяжы, акупант, з украінскай зямлі, пакуль яшчэ ёсць на чым», — гаворыцца ў паведамленні.
Разам з публікацыяй «азоўцы» абнародавалі відэа знішчэння варожай тэхнікі. На кадрах, знятых з дрона, можна налічыць не менш за 20 адзінак расійскай тэхнікі. Украінскія FPV-дроны паражаюць колавы транспарт, які перавозіў асабовы склад праціўніка.