Як рэжым пераабуваецца ў палёце
- Наста Захарэвіч
- 12.08.2026, 9:30
Сітуацыя выглядае даволі абсурдна.
Улады ў Беларусі пашырылі спіс прафесій, з якімі жанчыны павінны станавіцца на ваенны ўлік, а таксама вызначылі, што рабіць гэта трэба ўжо з 19 гадоў. І хай сабе з мілітарызацыяй грамадства — пры цяперашняй сітуацыі ў рэгіёне было б дзіўна, калі б Беларусь засталася адзінай краінай, якая гэтую мілітарызацыю не ўзмацняе. Але што ж сталася з традыцыйнымі каштоўнасцямі, за якія так актыўна выступае рэжым Лукашэнкі?
Мы ж гадамі чуем, што жанчыны павінны паляпшаць дэмаграфію і ставіць на першае месца сям'ю. Пры гэтым, калі гаворка пра «сям'ю на першым месцы», то звычайна існуе вялікая розніца ў тым, што пад гэтым маюць на ўвазе, калі гавораць пра мужчын і жанчын.
Для мужчын гэты працэс можа быць даволі метафарычным і шматхадовым — прафесійны рост, службу ў войску і нават творчую самарэалізацыю можна трактаваць як заняткі, урэшце накіраваныя на клопат пра сям'ю. З жанчынамі ж інакш — стэрэатыпна лічыцца, што «для сям'і» мы можам нешта рабіць толькі тады, калі знаходзімся ўдома разам з гэтай сям'ёй.
Ды вось як рэжым пераабуваецца ў палёце! Так бы мовіць, як прыціснула, імгненна забыліся на настаўленні Лідзіі Ярмошынай, якая адпраўляла жанчын дадому боршч варыць! Аказваецца, ужо і ў войску мы патрэбныя.
Але ці не хацелі б улады неяк вызначыцца? Бо цяпер сітуацыя выглядае даволі абсурдна: спачатку нам упарта распавядаюць пра жаночае прызначэнне, прыродную мяккасць і любоў да ўскармлівання дзяцей, а потым кажуць, што і ў войска нам таксама трэба ісці ў выпадку вайны.
Неяк гэта ў мяне не складаецца ў адзін лагічны ланцужок.
Але ўсё становіцца на свае месцы, калі перастаць лічыць, што рэжыму сапраўды цікавыя традыцыйныя каштоўнасці, і прыняць, што гэта заўсёды было звычайным апраўданнем дзеля абмежавання жаночых амбіцый і, адпаведна, сацыяльнай і палітычнай актыўнасці. Замест таго, каб сказаць наўпрост: уладу Лукашэнка не аддасць ніколі і нікому, а жанчынам — найперш. Таму нам і распавядалі ўсе гэтыя казкі пра жаночае прызначэнне, міфічную жаночнасць, далёкую ад палітычных дасягненняў.
Ды і прафесійны рост жанчын такім чынам таксама імкнуліся абмяжоўваць — і часта даволі паспяхова. Нібыта традыцыйны падзел на мужчынскія і жаночыя прафесіі, шкляная столя і спіс забароненых для жанчын прафесій — усё гэта з'явы аднаго парадку, якія якраз добра ўпісываліся ў адзін ланцужок з так званымі традыцыйнымі каштоўнасцямі. Няправільна было б сцвярджаць, што цяпер усё змянілася і гэтыя аспекты больш не цікавяць рэжым Лукашэнкі. Вельмі нават цікавяць — мы ж бачым, як працягваюцца масавыя рэпрэсіі, у тым ліку ў дачыненні да беларусак. Але цяпер з'явіўся яшчэ адзін прыярытэт — падрыхтоўка да верагоднага пашырэння вайны непасрэдна на тэрыторыі Беларусі.
І тут ужо ўлады нагадваюць, што варта ім толькі пажадаць — у гэтай вайны будзе вельмі нават жаночае аблічча.
Наста Захарэвіч, «Белсат»