BE RU EN

Арцыбіскупа Кандрусевіча выпісалі з бальніцы

  • 12.08.2026, 10:49

Пасля аперацыі на сэрцы.

Арцыбіскупа-эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча выпісалі з бальніцы, куды ён трапіў у канцы ліпеня. 80-гадоваму іерарху зрабілі чарговую аперацыю на сэрцы, паведамляе Katolik.life.

«Сітуацыя была сур'ёзная, але лекары своечасова выяўлілі сардэчную недастатковасць і папярэдзілі новы інфаркт (раней арцыбіскуп ужо перанёс інфаркт). Пасля паляпшэння стану 80-гадоваму іерарху зрабілі аперацыю на сэрцы: устанавілі новыя стэнты і прачысцілі старыя. Гэта нескладаная працэдура на пасудзінах сэрца, але ў яго ўзросце яна магла несці пэўную небяспеку. Аднак іерарх, за якога вернікі працягваюць маліцца, паспяхова перанёс аперацыю», — паведаміла выданне.

Зараз Кандрусевіч знаходзіцца на рэабілітацыі.

Нагадаем, пра пагаршэнне здароўя Кандрусевіча стала вядома, калі ён не змог прыбыць на парафіяльнае свята ў Нава-Лукомлі 25 ліпеня. Арцыбіскуп перадаў парафіі віншавальны ліст, у якім адзначыў, што паводле стану здароўя і па патрабаванні лекараў вымушаны заставацца пад наглядам.

26 ліпеня на свяце для пажылых людзей у мінскім катэдральным касцёле іерарх таксама не змог прысутнічаць — удзельнікам паведамілі, што ён у бальніцы.

У лютым 2023 года арцыбіскуп Кандрусевіч перанёс аперацыю па выдаленні пухліны, а ў маі 2024 года яму зрабілі аперацыю на сэрцы пасля інфаркту.

Святар праходзіў хіміятэрапію, а ў сакавіку 2025 года ён распавёў, што метастазы пайшлі ў лёгкія.

Апошнія навіны