У Гомелі 13-гадовы школьнік трапіў у бальніцу пасля курэння вейпа
- 12.08.2026, 13:45
«Ледзь адкачалі».
Выпадак адбыўся ў разгар летніх канікул, піша раённае выданне «Новае Палессе». Падрабязнасці расказала старшы памочнік пракурора Жыткавіцкага раёна Тацяна Пазняк.
— У ліпені ў Гомелі 13-гадовага хлопчыка прывезлі ў рэанімацыю з цяжкім атручваннем: паспрабаваў «дарослы» вейп, набыты ў старшакласнікаў. Ледзь адкачалі, — падзялілася спецыялістка, успамінаючы найбольш рэзанансныя падлеткавыя гісторыі гэтага лета.
Яшчэ адзін небяспечны інцыдэнт адбыўся ў Жлобінскім раёне, дзе двое падлеткаў апынуліся ў бальніцы з атручваннем невядомай вадкасцю, знойдзенай на закінутай будоўлі.
— Адпілі «для смеху» — і абодва ў бальніцы. Гэта не проста дурнота, тут відавочны сігнал: дзіця не адчувае дома апоры. Яму няма з кім параіцца, няма ў каго спытаць. Ён шукае «даросласці» на вуліцы, у інтэрнэце, у дрэннай кампаніі.
Варта адзначыць, што гэта далёка не першы выпадак, калі ў беларускіх школьнікаў узнікаюць сур'ёзныя праблемы са здароўем праз захапленне вейпамі.