BE RU EN

У Беларусі падвялі вынікі ўступнай кампаніі

  • 12.08.2026, 14:33

Кожны чацвёрты — будучы інжынер.

Студэнтамі беларускіх ВНУ сёлета сталі 46,7 тыс. чалавек, на бюджэт паступілі 32 тыс., на платнае — 14,7 тыс. План прыёму выкананы на 100%, расказаў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.

Амаль 7 тыс. першакурснікаў залічаны ў ВНУ без уступных выпрабаванняў і па-за конкурсам. Звыш плана на платныя месцы прынялі 1,5 тыс. студэнтаў (гэта спартсмены, грамадзяне СНД і тыя, хто паступіў для атрымання другой вышэйшай адукацыі).

— Кожны чацвёрты, хто паступіў у ВНУ Беларусі, — гэта будучы інжынер, кожны 10-ы — педагог, медык або работнік аграпрамысловага комплексу, — удакладніў першы намеснік міністра.

Прыёмная кампанія ў сельскагаспадарчыя ВНУ на завочную форму пройдзе ў лістападзе—снежні. Плануецца прыняць каля 2,5 тыс. абітурыентаў, у тым ліку на бюджэт — каля 1,2 тыс. Такім чынам, усяго студэнтамі сёлета стануць 50,6 тыс. чалавек.

У каледжах самая запатрабаваная спецыяльнасць — архітэктурнае праектаванне

Выпускнікі пасля дзевяці класаў паступалі ў каледжы.

— На 22,3 тыс. месцаў было пададзена больш за 30 тыс. дакументаў, — паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ганна Бойка.

Попыт на такую адукацыю стабільна высокі. Амаль кожны другі дзевяцікласнік выбірае для сябе траекторыю каледжаў.

Найбольш запатрабаванай спецыяльнасцю ў абітурыентаў аказалася «архітэктурнае праектаванне» — дзевяць чалавек на месца. Падрыхтоўку па ёй вядзе Мінскі дзяржаўны каледж архітэктуры і будаўніцтва. На другой пазіцыі — «дызайн анімацыі» ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. К. Глебава. Тут на адно месца дакументы падавалі 7,8 чалавека.

У аўторак, 11 жніўня, завяршыўся прыём дакументаў у каледжы на бюджэт пасля 11 класаў. На 8,8 тыс. месцаў пададзена больш за 11 тыс. дакументаў. Конкурс — 1,34 чалавека на месца. Прыёмная кампанія на платнае навучанне для выпускнікоў 11-х класаў працягнецца да 15 жніўня. Усяго ў каледжы плануюць прыняць 38,9 тыс. чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 31,4 тыс.

Апошнія навіны