Успышка невядомай хваробы: у Расіі масава забіваюць свіней
- 12.08.2026, 15:18
Улады адмаўляюцца назваць хваробу.
У Цюменскай вобласці ў уладальнікаў прыватных гаспадарак пачалі канфіскоўваць і знішчаць свіней, паведамляе 72.ru. Улады тлумачаць меры ўспышкай «асабліва небяспечнай хваробы», аднак у рэгіянальным упраўленні ветэрынарыі адмовіліся агучыць яе назву, заявіўшы, што гэта інфармацыя «абмежаванага распаўсюджання». Мясцовыя жыхары лічаць, што гаворка пра афрыканскую чуму свіней. Для чалавека яна не небяспечная, аднак эфектыўнай вакцыны і лячэння для жывёл няма, таму пры ўспышцы знішчаюць усё пагалоўе ў зоне рызыкі.
Найбольш складаная сітуацыя — у Галышманаўскім акрузе, дзе ўсталявалі санітарныя пасты. Там людзі ў белых камбінезонах і масках абяззаражваюць аўтамабілі, а паліцыянты кантралююць выкананне забароны на вываз свінога мяса. Першыя выпадкі захворвання выяўзілі ў вёсцы Скарэднай на пачатку жніўня. Таксама пад кантроль трапілі пасёлак Галышманава, вёскі Абатскае, Амутынскае і іншыя. Па словах мясцовых жыхароў, свіней масава канфіскуюць для знішчэння, а за адмову аддаваць пагражаюць штрафамі ў 30–35 тысяч рублёў. Уладальнікам абяцаюць кампенсацыю, але дакладныя памеры не называюць. У каментарыях жыхары называюць суму ў 90–95 рублёў за кілаграм.
Па словах сялян, працы ў Галышманаўскім акрузе, дзе пражываюць крыху больш за 23 тыс. чалавек, практычна няма, таму амаль усім даводзіцца трымаць гаспадарку. З-за канфіскацыі свіней людзі застаюцца без сродкаў для існавання. «Апошні кавалак “хлеба”, на якім я жыву. Больш мне жыць няма за што», — сказаў Уладзімір Бузін, у якога забралі 22 свінні.
Па словах фермера Ларысы Аляксеевай, каб вырасціць аднаго парася, «трэба нямала сіл і грошай, бо жывёлам патрэбныя якаснае харчаванне і вітаміны». «Медыкаменты цяпер вельмі дарагія. Ніхто ж на гэта не глядзіць і не ўлічвае гэтыя фактары. Нам не распавялі, якая канкрэтна будзе кампенсацыя і чаго ўвогуле нам, жыхарам, чакаць», — адзначыла яна.
Пра памер кампенсацый нічога не сказалі і Дзянісу Казарынаву. «У жонкі з-за таго, што вось так адабралі жывёл, дагэтуль слёзы. Яна глядзіць на дзверы хлява, дзе яны былі, — і ў яе слёзы. Як хочаце, так і жывіце», — рэзюмаваў ён.
Сёлета масава знішчалі жывёлу і ў іншых рэгіёнах. Самыя масавыя пратэсты супраць канфіскацыі пагалоўя былі ў Навасібірскай вобласці. Афіцыйна прычыны забою жывёлы не называліся, але пазней вынікі аналізаў у каровы адной з мясцовых фермерак паказалі, што гэта быў яшчур.