Латвія пашырыць забарону на імпарт харчовых прадуктаў з Беларусі
- 12.08.2026, 16:17
Абмежаванні хочуць распаўсюдзіць на харчовыя прадукты.
Урад Латвіі падтрымаў папраўкі ў заканадаўства, якія пашыраюць забарону на імпарт тавараў з Беларусі і Расіі. Абмежаванні хочуць распаўсюдзіць не толькі на сельскагаспадарчую прадукцыю і кармы, але і на харчовыя прадукты, перадае латвійскае выданне Rus.TVnet.
Зараз забарона распаўсюджваецца толькі на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў. Папраўкі створяць прававую аснову для распаўсюджвання забароны на імпарт таксама на харчовыя прадукты, зазначае выданне.
Міністэрства сельскай гаспадаркі Латвіі хоча пашырыць дзеянне рэгулявання на гатовыя харчовыя прадукты. У яго, у прыватнасці, могуць трапіць цукеркі, карамель, шакалад, печыва і іншыя мучныя кандытарскія вырабы, соусы, гатовыя супы, безалкагольныя напоі і піва.
Забарону плануюць увесці ў тым ліку на ўвоз такой прадукцыі з Беларусі і РФ праз трэція краіны. Але забарона не будзе датычыцца транзіту праз Латвію і паставак у іншыя краіны Еўрапейскага саюза.