BE RU EN

Расійскаму банку за даўгі перадалі долю беларускага «Альфа-банка»

  • 12.08.2026, 18:50

Масква нарошчвае ўплыў на фінансавы сектар Беларусі.

Расійскі «Альфа-банк» атрымае 15,6% акцый беларускай аднайменнай фінансавай установы — такое рашэнне прыняў маскоўскі суд. Раней гэтай доляй валодала кіпрская ABH Belarus Limited. Пра гэта піша расійскае выданне «Ведамасці».

У лістападзе мінулага года ў Арбітражным судзе Масквы пачаўся разгляд іску «Альфа-банка» РФ супраць люксембургскай холдынгавай кампаніі ABH Holdings і кіпрскай кампаніі ABH Financial Limited. Стверджвалася, што тыя засталіся вінныя структуры 40,2 млн швейцарскіх франкаў (146 млн рублёў або амаль 50 млн долараў паводле курсу Нацбанка на 12 жніўня). З якой прычыны ўзнікла такая запазычанасць, не ўдакладняецца.

У студзені гэтага года суд задаволіў пазоў фінкампаніі і пастанавіў перадаць у залік доўгу 15,6% беларускага «Альфа-банка». Гэта доля перайдзе расіянам ад кіпрскай ABH Belarus (ABHB). Гэта фірма была найбуйнейшым акцыянерам беларускага банка, яна ўваходзіць у холдынгавую кампанію ABH Holdings бізнесмена Міхаіла Фрыдмана.

На думку аналітыкаў, на якіх спасылаецца выданне, падобная перадача каштоўных папер беларускага банка паміж уладальнікамі можа ўяўляць сабой «рэструктурызацыю ўласнасці на актывы». Яны таксама адзначаюць, што калі доўг не быў фіктыўным, то ўмяшанне суда можна патлумачыць тым, што і беларускі, і расійскі «Альфа-банк» знаходзяцца пад санкцыямі, а ўладальнікамі з'яўляюцца юрыдычныя асобы краін ЕС, таму выплаціць грошы звычайным спосабам даволі складана, а рашэнне расійскага суда можа быць прыведзена ў выкананне ў Беларусі.

Як вынікае з даных адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб і ІП, у студзені і красавіку былі ўнесены змены і дапаўненні ў звесткі аб рэгістрацыі беларускага банка. Аднак, паколькі гэта закрытае акцыянернае таварыства, дакладныя даныя пра акцыянераў не раскрываюцца.

Паводле даных расійскіх медыя, на канец 2024 года ў беларускага «Альфа-банка» было тры акцыянеры: ABH Belarus Limited (Кіпр) — 64,46%, АО «АБ Холдинг» (Расія) — 33,96%, ООО «А-Лизинг» (Беларусь) — 1,58%.

Пры гэтым АО «АБ Холдинг» — адзіны ўладальнік расійскага «Альфа-банка». Прыкметна, што раней гэта структура за доўг на падобную суму адсудзіла ў кіпрскай ABH Financial Limited долю акцый у гэтым банку РФ. Тады гэта называлі «тэхнічнай мерай» для ўрэгулявання фінансавых адносін з кіпрскай кампаніяй на фоне абмежаванняў на міжнародны рух капіталу.

Апошнія навіны