Чаму Лукашэнку так цягне назад у СССР?
- Віталь Цыганкоў
- 12.08.2026, 19:22
Для дыктатара дзяржава заўсёды важней за чалавека.
Чаму і за што Лукашэнка так любіць савецкую ўладу і савецкую сістэму, нягледзячы на тое, што толькі дзякуючы дэмакратыі ён стаў кіраўніком дзяржавы? У Савецкім Саюзе ён ніколі не зрабіў бы кар’еры, а, хутчэй за ўсё, кепска б скончыў — або ў турме, або, прынамсі, так і не дасягнуўшы ніякага поспеху.
10 жніўня Мінск наведаў старшыня Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі Генадзь Зюганаў, які ўручыў Аляксандру Лукашэнку падарунак — Ленінскую прэмію ЦК КПРФ. «Вы падвоілі свой савецкі патэнцыял. Ваша дасягненне ў тым, што на базе найлепшага з савецкай эпохі дадавалі, прыбаўлялі, нічога не выкідваючы і рухаючыся наперад. Вось гэта робіць вам гонар», — выдаў сумнеўны камплімент Зюганаў.
Насамрэч гэта поўная хлусня. Ніякага падвоення савецкага эканамічнага патэнцыялу ў Беларусі не адбылося. Напрыклад, трактароў у 1990-м выпускалі 100 тысяч, а цяпер — каля 50 тысяч. Але мы не будзем тут паглыбляцца ў эканамічныя разлікі, а паспрабуем разабрацца ў тым, наколькі савецкімі з’яўляюцца ідэалогія і стыль кіравання цяперашняй улады.
Тое, што Лукашэнка — глыбока савецкі чалавек і метады ў яго савецкія, з аднаго боку, асабліва і даказваць не трэба. Лукашэнка сам часта пра гэта кажа. Вось што ён казаў, напрыклад, у 2016 годзе падчас чарговай сустрэчы з тым самым Зюганавым:
«Мы страцілі краіну, але самае страшнае, што мы страцілі сістэму, якую стваралі дзесяцігоддзямі і роўнай якой не было ў свеце, якую трэба было адшліфаваць, дапрацаваць — і мы былі б зусім іншай дзяржавай нават пры распадзе Савецкага Саюза».
Самае смешнае, што калі б Савецкі Саюз не разваліўся, то ў той сістэме Лукашэнка застаўся б максімум дырэктарам саўгаса. Такога чалавека з яго скандальным характарам не пусцілі б наверх, ён не прайшоў бы тых шматлікіх кадравых фільтраў, якія існавалі пры савецкім ладзе.
Ужо адзін той вядомы факт, што ён, будучы дырэктарам саўгаса, збіў механізатараў, назаўсёды закрыў бы яму шлях наверх. Гэта было ў 1990 годзе, разгул дэмакратыі, Лукашэнку абіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савета — і справу закрываюць, што ратуе яго ад турмы. А «маральны распад»? Пры камуністах кіраўнік любога ўзроўню мусіў хаця б фармальна прытрымлівацца сямейных каштоўнасцяў. І калі хтосьці не жыў са сваёй законнай жонкай, такі чалавек не мог зрабіць партыйную і кіраўніцкую кар’еру.
Дык чаму ж тады Лукашэнка так любіць савецкую сістэму?
Перш за ўсё, савецкасць для яго — гэта мадэль улады, грамадства і адносін паміж дзяржавай і чалавекам. Гэта тая сістэма, дзе не трэба прыдумляць эканамічныя стымулы, балансаваць паміж рознымі інтарэсамі — а можна проста прымушаць і загадываць.
Для Лукашэнкі дзяржава важней за асобнага чалавека. Гэта вельмі савецкае ўяўленне. Чалавек павінен быць часткай вялікага дзяржаўнага механізму, працаваць, выконваць правілы, быць дысцыплінаваным. Адсюль ягоная пастаянная фіксацыя на словах «дысцыпліна», «парадак», «працоўная дысцыпліна», «калектыў». Ён фактычна ўяўляе грамадства як добра арганізаваны калектыў, такі сабе мурашнік, дзе кожны ведае сваё месца і сваю працоўную функцыю.
Лукашэнка катэгарычна не прымае ніякай самастойнасці і аўтаноміі чалавека. У сённяшняй Беларусі, як і ў савецкай сістэме, чалавек можа быць свабодным у прыватным жыцці ў пэўных межах, але палітычна ён павінен быць выключна паслухмяным уладзе і лаяльным.
У яго карціне свету свабоднае грамадства само па сабе выглядае як нешта падазронае: калі людзям даць занадта шмат свабоды, яны пачнуць спрачацца, арганізоўвацца, патрабаваць, галасаваць не так, як трэба, — і ў выніку ён страціць уладу.
Аднак Лукашэнка не проста «чалавек з настальгіяй па СССР». Ён даволі паспяхова адаптаваў савецкую палітычную культуру да сучаснасці і пад свае патрэбы. Спачатку, у 1995-м, ён выбудаваў вертыкаль улады, адмяніў выбары кіраўнікоў гарадоў і раёнаў. Потым, у 1996-м, здзейсніў дзяржаўны пераварот, разагнаў Вярхоўны Савет і скасаваў усякае падзел уладаў, аснову дэмакратыі.
Лукашэнка — не столькі савецкі камуніст, колькі савецкі памешчык, які атрымаў у свае рукі сучасную дзяржаву. «Чырвоны чалавек», паводле выразу Святланы Алексіевіч, для якога гвалт і прымус — адзіны спосаб вырашэння праблем.
Лукашэнка ў эканамічным сэнсе — не камуніст: ён не імкнецца пабудаваць грамадства без прыватнай уласнасці. Ён не спрабаваў аднавіць Савецкі Саюз эканамічна і — без асаблівага энтузіязму — прыняў тое, што было немагчыма не прыняць з капіталізму: прыватны бізнес, грошы, спажывальніцтва, сучасныя тэхналогіі. Але ён верыць у буйную дзяржаўную гаспадарку, дзяржаўныя прадпрыемствы, планаванне, кантроль цэн, дзяржаўнае размеркаванне рэсурсаў.
Дарэчы, якія вынікі трыццаці гадоў палітыкі «парадку» і кантролю? Сам Лукашэнка днямі прывёў даныя Камітэта дзяржкантролю, згодна з якімі за шэсць месяцаў гэтага года парушэнні былі выяўлены ў 90% з 1021 праверанага гандлёвага аб’екта.
Прапагандысты пахваляюцца, што ў Беларусі сацыяльная дзяржава, але рэальныя сацыяльныя даброты пастаянна скарачаюцца. У той час як у любой сацыяльнай дзяржаве на Захадзе людзям, што засталіся без працы і даходаў, аказваецца істотная (магчыма, нават занадта вялікая) матэрыяльная дапамога і дзяржава не пакідае іх у бядзе, у Беларусі такіх людзей называюць дармаедамі і прымушаюць плаціць за камунальныя паслугі ў разы больш за астатніх.
Нядаўна Савет міністраў адмяніў чарнобыльскія льготы для 177 населеных пунктаў (у тым ліку Гомеля, Лунінца, Іўя і Лельчыцаў). Больш за 560 тысяч чалавек пазбавіліся статусу жыхароў забруджаных зон і адпаведных льгот. Гэтае рашэнне красамоўна ўпісваецца ў больш шырокую тэндэнцыю апошніх гадоў — паступовы перагляд дзяржаўных сацыяльных абавязацельстваў. Беларусь — ужо не тая дзяржава, якой была ў двухтысячныя гады, калі высокія даходы ад перапрацоўкі расійскай нафты і эканамічны рост дазвалялі падтрымліваць шырокую сістэму льгот.
Чарнобыльскія льготы доўгі час былі адным з самых затратных элементаў беларускай сацыяльнай сістэмы. У апошнія гады ўлады неаднаразова ішлі на скарачэнне розных відаў падтрымкі, імкнучыся зменшыць нагрузку на бюджэт. Адбываюцца паступовае звужэнне кола атрымальнікаў асобных льгот, узмацненне крытэрыяў прызначэння дзяржаўнай падтрымкі, прасочваецца імкненне скараціць бюджэтныя выдаткі ўсюды, дзе гэта магчыма.
Так званая «сацыяльная дзяржава» сціскаецца, як шагрэнавая скура.
Але колькі б ні было кантролю і «парадку», чалавеку з такімі спецыфічнымі псіхалагічнымі рысамі, як у Лукашэнкі, заўсёды мала.
Нядаўна ён зноў наракаў, што «не стае той сістэмы кіравання», якая была ў Савецкім Саюзе, калі над выканаўчымі органамі стаяла вышэйшая, рэальная ўлада — партыйныя органы. Акрамя савецкага, Лукашэнка любіць і кітайскі досвед, дзе па-ранейшаму ўсім кіруе адзіная Камуністычная партыя. Але колькі б разоў ён пра гэта ні згадваў, насамрэч ствараць яшчэ і кіроўную партыю яму не хочацца. Бо прыйдзецца ж з гэтымі партыйцамі дзяліцца ўладай. А ў планы Лукашэнкі гэта не ўваходзіць.
Віталь Цыганкоў, «Белсат»