У Севастопалі ліквідавалі экс-камандзіра падводнай лодкі «Запарожжа», які здрадзіў Украіне
- 13.08.2026, 12:55
(Абноўлена) Выбуховае прыстасаванне магло быць закладзена ў смеццевы бак.
У часова акупаваным Севастопалі на праспекце Сталетава адбыўся выбух, у выніку якога, паводле папярэдніх дадзеных, загінуў былы камандзір адзінай украінскай падводнай лодкі «Запарожжа» Роберт Шагееў, паведамляе УНІАН.
Паводле Z-каналаў, мужчына спускаўся па лесвіцы на вуліцы, калі побач спрацавала выбуховае прыстасаванне. Расійскія прапагандысцкія рэсурсы сцвярджаюць, што прыстасаванне магло быць закладзена ў смеццевы бак, а таксама паведамляюць пра затрыманне жанчыны, якая нібыта актывавала выбухоўку.
Паводле канала «Крымскі вецер», у Севастопалі падарвалі былога ваеннага падводніка. Пазней на расійскіх рэсурсах з'явілася інфармацыя пра ліквідацыю Роберта Шагеева. Інфармацыя патрабуе пацвярджэння.
Хто такі Роберт Шагееў
Роберт Шагееў — былы афіцэр Ваенна-марскіх сіл Украіны і камандзір падводнай лодкі «Запарожжа». У сакавіку 2014 года, падчас акупацыі Крыму Расіяй, яго падраздзяленне знаходзілася ў Севастопалі.
Яшчэ 12 сакавіка 2014 года Шагееў публічна заяўляў, што экіпаж падводнай лодкі застанецца верным Украіне. Паводле ягоных слоў, расійскі бок да таго моманту ўжо некалькі разоў патрабаваў ад маракоў перайсці на свой бок.
Аднак 21 сакавіка 2014 года сітуацыя змянілася. Расійскія вайскоўцы захапілі «Запарожжа», а Шагееў перайшоў на службу ў расійскі флот. Украінскія крыніцы пазней называлі яго здраднікам і паведамлялі пра вышук за дэзерцірства.
У 2016 годзе ўкраінскія СМІ паведамлялі, што Шагееў пасля пераходу на бок Расіі атрымаў камандную пасаду ў расійскім Чарнаморскім флоце. У прыватнасці, «Думская» пісала, што ён стаў камандзірам дызель-электрычнай падводнай лодкі Б-268 «Вялікі Ноўгарад».
Ягонае імя таксама фігураваўa ў спісах крымскіх вайскоўцаў, якіх украінскі бок лічыў здраднікамі пасля акупацыі паўвострава.
Абноўлена: інфармацыя пацвердзілася
Інфармацыю пра тое, што ў Севастопалі ліквідавалі экс-камандзіра ўкраінскай падводнай лодкі «Запарожжа» Роберта Шагеева, пацвердзілі некалькі ўкраінскіх і расійскіх тэлеграм-каналаў.
«У Севастопалі, папярэдне, ліквідавалі экс-камандзіра ўкраінскай падводнай лодкі «Запарожжа» Роберта Шагеева. Выбухоўка была закладзеная ў урну ў жылым сектары і спрацавала, калі міма праходзілі двое мужчын. У 2014 годзе Шагееў здрадзіў Украіне і перайшоў на бок Расіі. Мужчына загінуў на месцы», — паведаміў тэлеграм-канал INSIDER UA.
Гэтую ж інфармацыю пацвердзіў тэлеграм-канал Supernova+. Ён дадаў, што выканаўца выбуху — жанчына.
Як паведамляе тэлеграм-канал 112, які звязваюць з расійскімі сілавікамі, выбух адбыўся ў скверы за жылым масівам на Сталетаўскім праспекце. Паводле папярэдніх даных, выбуховае прыстасаванне магло знаходзіцца ў урне або пад лаўкай. Яно спрацавала побач з Шагеевым, які ад атрыманых траўмаў загінуў на месцы.
Паводле NV.ua, у 2014 годзе Шагееў парушыў украінскую прысягу, перайшоў на бок Расіі і стаў камандзірам расійскай падводнай лодкі.
У Управленні Федэральнай службы бяспекі Расіі пацвердзілі гібель расійскага вайскоўца.
«У выніку выбуху ў Севастопалі загінуў вайсковец Міністэрства абароны РФ. Затрыманая за выбух выконвала заданне спецслужбаў Украіны», — цытуе спецслужбу ТАСС.